Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Юная дзяўчына адразу ж запала ў сэрца ўчарашняму мараку

Стаяла хвалююча-хмельная пара, калі вясна пераходзіць у лета – самая, мусіць, прыгожая і светлая. У паветры плыў ап’яняючы пах чаромхі і ўсяго таго разнатраўя, што буйна квітнее ў гэту пару. Усё жывое напаўнялася прагай да жыцця, да чагосьці новага, светлага, яшчэ невядомага…
Гэта быў ужо далёкі 1977-ы, у які гераіня маёй публікацыі заканчвала сярэднюю школу, уступала ў самастойнае жыццё. Як і ўсе дзяўчаты ў такім узросце, яна, канешне ж, задумвалася пра будучыню, планавала, спадзявалася. Розным бачылася Валянціне яе жыццё: то ўяўляла сябе гарадской жыхаркай у кватэры з усімі зручнасцямі, то ў думках згаджалася з перспектывай жыць у сельскай мясцовасці, але там, дзе па-гарадскому людна і весела. Як і ў любой юнай дзяўчыны, былі самыя розныя мары… І каб хто сказаў тады Валі, што застанецца жыць у роднай вёсачцы Клесіна і будзе тут шчаслівай, не паверыла б.

Другі герой майго матэрыяла, Іван, якраз тады вярнуўся са службы ў марфлоце ў сваю вёсачку на Мядзельшчыне. Тое, што яны, Валя і Іван, сустрэліся, не было вялікай выпадковасцю – вёскі ж адна ад адной непадалёку. Юная і непасрэдная дзяўчына адразу ж запала ў сэрца ўчарашняму мараку, ды і ён ёй спадабаўся – хто з дзяўчат застанецца раўнадушнай да прыгожай формы, спартыўнай выпраўкі! І пачаліся рамантычныя сустрэчы, якія праз пэўны час закончыліся заканамерным – хлопец прапанаваў дзяўчыне пажаніцца. Івана на той час ацаніла ўжо не толькі Валя, але і яе родныя, якія не сталі супраць вяселля. Маўляў,будзе зяць мясцовы, не які-небудзь кот у мяшку, што стане раскрывацца ўжо ў сумесным жыцці.
– Вось і ідзём разам ужо трыццаць два гады, – расказвае Валянціна Першына, аператар Цярэшкаўскага пункта паштовай сувязі. – Самае галоўнае багацце, якое нажылі разам, – нашы дзеткі…
А іх у Першыных трое. Аксана, старэйшая, жыве на Мядзельшчыне, з мужам Аляксандрам гадуюць дваіх дзетак – Яну і Лёшу. Дачка з зяцем працуюць поварамі, таму, смяецца Валянціна Яўгенаўна, калі якая ў сям’і бяседа, то прыгожыя сталы забяспечаны, як кажуць, сваімі сіламі. Сярэдні сын, Аляксандр,жыве ў сталіцы, у іх з жонкай Аленай трое дзетак – Сашка, Насця і Аліса. Прыязджаюць гараджане да бацькоў у Клесіна, дапамагаюць па гаспадарцы. Нявестка, хоць і гарадская, а такая працаўніца і рукадзельніца! Лад і парадак у дзяцей – і няма большай радасці бацькам. І самы малодшы сын Першыных, Жэня, – яшчэ студэнт, вучыцца на інжынера аўтамабільных дарог.
У іх сям’і заўсёды многа працавалі і працуюць цяпер. Гэта ж не жартачкі – мець пяцьдзясят сотак зямлі, карову, падцёлка, свіней і з усім гэтым упраўляцца. А гароды, кветнікі… З ранняй вясны і да позняй восені патанае падворак у кветках, за імі гаспадыня, як за малымі дзеткамі, даглядае: старанна рассаджвае, поле, а калі холадна, дык і прыкрые клапатліва – таму і дзячаць яны буйной рознакаляровай квеценню. Гаспадар жа таксама не супраць прыгажосці ды парадку: каб у доме было чыста, пабудаваў для гаспадарчых мэтаў летнюю кухню, сваімі рукамі зладзіў лазню, павыліваў да пабудоў акуратныя дарожкі. А ў вольны ад работы час (Іван Вікенцьевіч працуе жывёлаводам у «Першым Беларускім») гаспадар ахвотна дапамагае жонцы і ў іншых справах. І ў ягады і грыбы збегае, і бульбы начысціць, і на агародзе папарадкуецца.
– Чалавек добры, не буду скардзіцца, – прызнаецца Валянціна Яўгенаўна. – Быў час, я тры месяцы сур’ёзна хварэла, не магла нічога рабіць, таму ўсё было на ім. Дзякуй Богу, усё наладзілася, як і раней, працую.
Іншы раз, управіўшыся па гаспадарцы, Валянціна Яўгенаўна і Іван Вікенцьевіч сядуць і ўзгадаюць пражытае. Выпадала ў жыцці рознае, аднак найбольш таго, за што варта падзякаваць лёсу. І ў першую чаргу – за працавітых і клапатлівых дзяцей, за такіх любімых унукаў, радасць і ўцеху бабулі з дзядулем. Вось збяруцца ўсе яны ў роднай хаце – і няма большай радасці для Першыных. У такія хвіліны, падзялілася Валянціна Яўгенаўна, разумееш, што шчасце – не журавель у небе, яно – побач, у роднай вёсцы,сярод блізкіх людзей.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries