Ніна з дзяцінства была спешчана празмернай увагай маці. Яно і зразумела, адна дачушка ў яе, таму ўся пяшчота і ласка – ёй. З кім бы ні сутыкалася жанчына, пра што б ні пачыналі гаварыць, а заканчвалася ўсё звычайна адным – прыгажуняй і разумніцай Нінкай, якую маці інакш як прынцэсай і не называла. Між тым, дзяўчына ў вучобе зорак з неба не хапала, памочніцай па гаспадарцы была слабай ды і знешне нічым не вылучалася сярод іншых дзяўчат. Але ж маці ёсць маці…
Пайшлі гады, дзяўчына закончыла школу. Намецілася ў інстытут – ды першы ж экзамен праваліла (пра тое, як яе «зрэзалі»,маці з год гаварыла кожнаму). Не на будоўлю ж ці да станка ёй, прыгажуні ды разумніцы… Пусціўшы ў ход сувязі ды падарункі, маці ўладкавала дачку сакратаркай у нейкую кантору. Папрацавала Ніна крышку – сумна, сабралася ў большы горад. Там узялі табельшчыцай на завод. І зноў – не яе, не па душы справа. Затым была бібліятэка, пазней – гандлёвы прылавак. Апошняе месца нібыта даспадобы прыйшлося, ацанілі, хвалілася маці, дачку…Толькі вельмі хутка надакучыў і прылавак. У чым справа, пыталіся знаёмыя ў маці, што не склалася?
– Яна б рада быць прадаўцом, ды няма як, – на поўным сур’ёзе тлумачыла жанчына. – Не даюць праходу мужчыны, не адыходзяць ад яе аддзела. Яна ж, самі бачыце, якая прыгажуня…
Нямала часу прайшло з тае пары. А вось пра тое, што прыгажосць перашкаджае працаваць, знаёмыя гэтай сям’і пры выпадку ўзгадваюць і сёння.
Ірына БУДЗЬКО


