Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Я так без цябе сумавала…

З заўзятай упартасцю, характэрнай восеньскаму дажджу, паўзлі па аконным шкле буйныя кроплі. Гук, падобны на звон рассыпаных дэталяў мазаікі, з якім яны барабанілі па падаконніку з боку вуліцы, зацікавіў пяцігадовую гарэзу.
Праўда, сёння дзяўчынка не была такой жвавай, як звычайна – Анечка з мамай, як тлумачыла ўчора тая суседцы цёці Веры, была «на бальнічным». З гэтай сумнай нагоды гуляць на вуліцы не дазвалялася, ды з-за дажджу гэта было не так ужо і прыкра. Мама «на пятнаццаць хвілін выскачыла ў магазін» – адыходзячы, так патлумачыла яна дачушцы, дадаўшы: «Не сумуй». А сумаваць не прыйшлося – сваёй празрыстасцю і настойлівасцю прыцягнулі яе ўвагу кроплі дажджу. Падцягнуўшы табурэт бліжэй да акна, Анечка стала на яго. Двор быў пусты – дарослыя на рабоце, а дзеці – у садку. Раптам дзяўчынка заўважыла, што, калі прыкласці вока да шыбы і паглядзець праз кроплю, шэры ад хмарнага надвор’я двор дзіўна мяняецца. Вялікай падалася горка, з якой так падабаецца ёй з’язджаць «паравозікам» разам з сяброўкай Карынай. Падобнай на вясёлку аказалася аранжава-ружова-фіялетавая карусель, якую нядаўна падладзіў яе тата – моцна рыпела, калі раскручвалася па кругу. Тата ж змазаў яе нейкім алеем – і катацца стала лёгка, знік гэты надакучлівы гук. А пясочніца, у якой неразбуранымі засталіся ўчарашнія «піражкі» дзетвары – не паддаліся яшчэ дажджу – праз вадкую кроплю была падобная на карабель або басейн. Арэлі ж, на якіх умяшчалася чалавек сем дзетвары за раз, «пераўтварыліся» ў казачны замак…
Парывам ветру кінула ў шыбіну жменю зжоўклага лісця. Нечаканасць гэтага спалохала малую, і тая, адхінуўшыся ад акна, гатова была ўжо расплакацца, як пачула, што адкрываюцца ўваходныя дзверы. З усіх ног кінулася яна туды. Маці не паспела паставіць купленае на падлогу, а малеча ўжо абняла яе так моцна, колькі хапіла ў ручках сілы.
– Ты што, дачушка? – разгубілася жанчына.
– Я так без цябе сумавала… – прашаптала Анечка, прыціснуўшыся да матулі і адчуўшы такі родны – бо знаёмы – пах яе духоў.
Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries