Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вышла замуж за привидение

Што ні кажыце, а навагоднія дні нясуць у сабе нейкую асаблівую ауру – казачна-загадкавую. Пачынаючы з таго, як у нашых кватэрах займаюць сваё месца прыгажуні-елкі і заканчваючы старым новым годам, жывеш у прадчуванні нечага незвычайнага, чароўнага. Нездарма ж з надыходам кожнага года марыцца пра светлае, добрае. Ну а непрыемнасці хочацца пакінуць у старым.
У гэтыя навагоднія дні на самае жаданае варажылі здаўна. Дзяўчаты, як правіла, – на хуткае і шчаслівае замужжа. А як гэта было? Ды па-рознаму. Расказваюць, прыносілі ў хату па ахапку дроў – калі паленняў было ў пару, то гэта азначала хуткае замужжа, калі не – пакуль сватоў не чакай. А то ішлі дзяўчаты на поле, дзе пасеяна азімае жыта, пракопвалі снег да зямлі, стараліся знайсці і вырваць жменьку ўсходаў. А затым у цёплай хаце дружна разглядалі іх, лічылі, шукаючы толькі ім вядомыя паказчыкі жаночага шчасця або наадварот.
Было і прасцей. Дзяўчаты пяклі кожны свае аладкі і раскладалі іх на падлозе. Затым запускалі сабаку і цікавалі: чыю першую той схопіць, тая дзеўка і выйдзе першай замуж. Іншы раз дзяўчаты стараліся крышку схітрыць і здобрыць аладачку тлушчам – каб сабака схапіў яе першай. Ды пасля гэтыя хітрыкі заўважылі і пачалі пячы аладкі з адной і той жа рашчыны ў той хаце, дзе і варажылі.
А ў нашай вёсцы, расказвалі старыя людзі, на стары Новы год некалі было і такое. Дзяўчаты сабраліся варажыць, а хлопцы-весельчакі толькі і шукалі нагоду падтруніць над імі. У прадчуванні нечага важнага і таямнічага прыгажуні выскачылі на вуліцу (а ноч стаяла марозная і светлая – хоць іголкі збірай) і пачалі абхопліваць парканне. Нехта сашчапіў цотную колькасць – і гэта было добрай прыкметай, а нехта – не ў пару, што хуткага замужжа не прадказвала. Вясковай прыгажуні Ганне пашчасціла вываражыць жаданае. Толькі павярнулася яна, каб падзяліцца добрай весткай з сяброўкай, якая «абдымалася» з плотам далей, як проста перад сабой убачыла… здань. Высачэзную, худую, у белым… «Што, у пару?» – скрыпучым голасам загаварыў прывід. Наваколле абудзіў прарэзлівы Ганнін крык, і дзяўчына куляй уляцела ў хату… Толькі пазней высветлілася, што такім чынам «пажартаваў» вясковы хлопец Іван, які даўно меў вока на Ганну. Калі «здань» рассакрэцілі, дзяўчына заляпіла ўхажору добрую аплявуху і, напэўна, з месяц з ім не размаўляла. І ўсё ж… Увосень у вёсцы гулялі вяселле – Ганна выходзіла замуж за Івана.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 168 queries