Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Выбіралі хлопцу жонку

Прэтэндэнтка на нявестку Ніне Міхайлаўне не спадабалася з першага ж разу. Худзенькая, коратка падстрыжаная, дзяўчына была падобна на перапалоханае птушанятка, якому, здавалася, хацелася толькі аднаго – хутчэй выпырхнуць з гэтай кватэры, далей ад халодных вачэй прыгожай незнаёмкі. Зусім не такой уяўлялася Леры Максімава мама. Дзяўчына спадзявалася ўбачыць жанчыну з ласкавым позіркам блакітных (менавіта такіх, як у Максіма) вачэй, а тут – нібыта Снежная Каралева, такая недаступна-халодная. І позірк шэрых вачэй нядобры, калючы…

– Ты заўсёды быў прастачком, цюфяком, – сказала Ніна Міхайлаўна сыну, калі ён правёў госцю дамоў, у інтэрнат. – Не можаш і не жадаеш дасягаць высокага, бярэш тое, што прасцей, падымаеш з-пад ног. Не ўмееш жыць, зусім не ўмееш…
Яшчэ доўга маці павучала хлопца, даказваючы, што яго абранніца – найгоршы варыянт: ні багатых бацькоў, ні вышэйшай адукацыі за плячыма. Дык каб хоць глянуць было на што…
– Не такая табе жонка патрэбна, зразумей, – паспрабавала ўгаварыць сына ласкай. – Ды за цябе любая пойдзе, толькі пажадай.
Хлопец маўчаў. Здавалася, ён прыслухоўваўся да матчыных слоў, усё асэнсоўваў. І толькі калі жанчына змоўкла, пацікавіўся:
– Усё сказала? Не думаў, што Лера настолькі табе не спадабаецца… На самой справе яна цудоўная. І вучыцца будзе абавязкова! Як бы там ні было, а жыць з ёй мне. У нас, мама, усё сур’ёзна, Лера, здаецца, цяжарная…
І маці спасавала перад гэтым аргументам… Згулялі вяселле, маладым адразу ж знялі асобную кватэру. Штовечар Ніна Міхайлаўна наведвалася сюды, і нічога не заставалася незаўважаным ёю. Нявестка не паспела ўранні прыбраць у пакоі… У халадзільніку два дні стаіць суп… Сын прыйшоў з працы, а вячэра яшчэ не гатова… Калі ў маладой сям’і нарадзілася дзіцятка, заўваг нявестцы стала яшчэ больш.
Спачатку Максім стараўся не звяртаць увагі на ўсё, што гаварыла маці. Але ж нездарма кажуць, што кропля камень точыць – з цягам часу малады чалавек пачаў, што называецца, знаходзіць рацыянальнае зерне ў словах маці, а яшчэ пазней стаў поўнасцю з ёй згаджацца. А тут яшчэ гэтыя бытавыя клопаты, якія ён не ўмеў (ды і не жадаў) браць на сябе.
У маладой сям’і пачаліся высвятленні адносін, спрэчкі, ад якіх Максім усё часцей знаходзіў выратаванне ў бацькоўскім доме. Тут яму было камфортна, тут ён зноў станавіўся любімым сынам, пра якога клапаціліся і якога шкадавалі.
Праз тры гады сямейнае жыццё маладых стала невыносным. Цяпер і Максім ужо быў упэўнены, што памыліўся, выбраўшы ў жонкі Леру. Не пара яна яму, зусім не пара. Адно толькі і ведае, што ўзваліць на яго ўсе бытавыя праблемы. А яму хацелася нечага высокага, прыгожага… Ды хіба з Лерай такое «свеціць»! А што маленькі Дзяніска, дык ад яго Максім адмаўляцца не збіраўся. Няхай падрасце хлапчук – сам зразумее, дзе яму быць і з кім.
А самае галоўнае, што ў гэты час у жыцці Максіма з’явілася Анжэла, дачка мамінай сяброўкі. Прыгажуня, разумніца і, што найважней, даволі ўдалая бізнэс-вумэн. У свой час з дапамогай маці Анжэла адкрыла касметычны салон, і справы яе ішлі добра.
– Во гэта, сынок, для цябе! – гаварыла Ніна Міхайлаўна сыну. – Уяўляеш, якая будучыня цябе чакае! Цікавыя паездкі, новыя людзі, адпачынак за мяжой… А пазней і Дзяніску забяром… Падумай, што дасць табе Лера? Толькі клопаты. Анжэла ж ого-го! Вышыня!
Максім і сам разумеў, што ён вельмі хоча новага жыцця, у якім няма месца бытавым праблемам, безграшоўю, Леры…
Пасля разводу маладая жанчына з дзіцём засталася адна ў здымнай кватэры. Максім жа з’ехаў у сталіцу да новай жонкі – насустрач жыццю, якога так жадаў.
Дзясятак, а можа і болей гадоў, пра гэту сям’ю не ведала нічога. Пакуль выпадкова не ўбачыла на адным з гарадскіх мерапрыемстваў Леру. За гэтыя гады яна вельмі змянілася і ўжо не нагадвала напалоханае птушанятка. Прыгожая, дагледжаная, самадастатковая. Расказала, што завочна закончыла ўніверсітэт, займае добрую пасаду. І чалавека сустрэла, які Дзяніску замяніў бацьку.
– А што, хлопчык з табой? – міжволі вырвалася ў мяне. – Не забраў яго Максім?
– А чаму ён павінен быў яго забраць? – здзівілася Лера. – Ды і куды…
І коратка расказала пра былога мужа. Вышыні і багацця, да якіх Максім так імкнуўся, ён не дасягнуў. Напачатку іх з новай жонкай усё задавальняла, бо справы і сапраўды ішлі нядрэнна. Аднак з часам з’явіліся нейкія крэдытна-грашовыя праблемы, і паступова справы ў бізнэсмэнаў пайшлі на спад. А праз пэўны час салон і ўвогуле перастаў існаваць… Максім з сям’ёй (а ў іх з Анжэлай нарадзілася дачка) прыехалі да Ніны Міхайлаўны. Да ўсіх праблем дадалася і самая вялікая – маладыя празмерна зазіраюць у чарку. Дайшло да таго, што Ніна Міхайлаўна зараз вымушана нават хаваць ад іх пенсію…
– А нядаўна яна пазваніла мне, плакала, – расказала Лера. – Прабачэння прасіла, сябе вінаваціла… Ды для чаго ўсё гэта? Я толькі выслухала яе, паспачувала і паклала трубку. Вельмі позна ўсё, позна… У мяне добрая сям’я, якой я даражу, і мяняць нічога не буду.
З Нінай Міхайлаўнай мне неяк не давялося сустрэцца. Можа,і да лепшага – не хочацца бачыць перад сабой жанчыну, мары і ўсе намаганні якой разбіліся ўшчэнт. Дакладней, яна сама гэтага дабілася.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries