Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Восеньскія сны

Зноў уладарыць за акном чараўніца восень. Апранае дрэвы ў дзівосныя шаты, лісцвяной мяцеліцай асыпае сцежкі ў парку, а то і сыпле ў твар дробным дожджыкам. Вось барвовы кляновы лісцік, плаўна кружачыся ў паветры, спускаецца на мокрыя пліткі тратуару. Роўненька роўна, як літара на радок школьнага сшытка.
Разам з восенню прыходзіць да нас непаўторнае свята – Дзень настаўніка, якое адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка. Здаецца, толькі ўчора, нясмелай шасцігадовай дзяўчынкай, я пераступіла парог Ваўкалацкай васьмігадовай школы. Гадкоў і росту не хапала, але ж так хацелася вучыцца. Мудрая Марыя Іванаўна, першая настаўніца, дазволіла наведваць школу разам са старэйшымі сяброўкамі, тым больш, што чытала я з чатырох год і ўрокі чытання былі маімі любімымі. Горш было з пісьмом: чарнільная ручка мяне не слухалася, палачкі і кружочкі чамусьці выпаўзалі за межы радкоў сшытка.
Апошнюю кропку ў маім, так рана пачатым школьным жыцці, паставіла маладая студэнтка-практыкантка, якая прыйшла працаваць у першы клас падчас хваробы нашай Марыі Іванаўны. Калі я адгарнула старонку сшытка па пісьму, то ўбачыла там тоўстую двойку. Ні ўгаворы бацькоў, ні настаўніцы не прымусілі мяне зноў наведваць школу. Пайшла я туды толькі праз год разам са сваімі равеснікамі. Пра сябе цвёрда вырашыла: буду настаўніцай, добрай, ласкавай і ніколі не буду ставіць «двойкі».
Давучвацца давялося ў Даўгінаўскай сярэдняй школе. Адразу пасля заканчэння паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Атрымала прафесію настаўніка-філолага, выкладчыка рускай і беларускай мовы і літаратуры. Працавала ў школах Вілейшчыны. Старалася ў сваёй рабоце кіравацца медыцынскім прынцыпам: «Не нашкодзь», бачыць у кожным маленькім чалавечку асобу. А дрэнныя адзнакі ставіць прыходзілася, толькі такім чынам, каб не раніць маленькае сэрца, не адбіць цягу да навукі.
На жаль, лёс, як і час, няўмольны. Доўгія школьныя калідоры, залівістыя званкі, дапытлівыя вочкі маіх выхаванцаў з’яўляюца мне толькі ў снах. Усё менш тэлефонных званкоў ад маіх былых калег з нагоды Дня настаўніка. Магчыма, хтосьці не разумее, што настаўнік – гэта не прафесія, а стан душы. Найлепшым падарункам да свята з’яўляюцца для мяне сустрэчы з былымі вучнямі, многія з якіх сталі мамамі і татамі, некаторыя з іх таксама – настаўнікі. У іх часцінка маёй душы, і я веру – жыццё склалася.
Данута ЛУБНЕЎСКАЯ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries