На днях мне на мабільны тэлефон пазваніла незнаёмая жанчына. Нават не прывітаўшыся, застракатала:
– Мы тут на ваш нумар выпадкова пяцьдзясят тысяч «кінулі». Памыліліся – у вас «Вэлком», а нам трэба было пакласці на МТС. Вы не маглі б цяпер пакласці гэту суму на наш нумар? Вельмі трэба.
Растлумачыўшы, што зрабіць гэта ў той жа момант не магу, хіба толькі пасля работы, я сказала, што сумы той пакуль што на сваім рахунку не бачу.
– Ды мы толькі-толькі цяпер «кінулі», прыйдуць грошы абавязкова! Пакладзіце цяпер, нам вельмі трэба…
Я чалавек даволі даверлівы, і каб быў вольны час, то, напэўна б, паклала тыя грошы, спадзеючыся, што яны мне вернуцца. Аднак… Ні ўвечары, ні на другі дзень мой рахунак так і не папоўніўся той пяцідзясяткай. Хутчэй за ўсё, махляры асвоілі яшчэ адзін спосаб «разводу». Вось і вер пасля гэтага людзям…
Ірына БУДЗЬКО


