Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Віляйчанкі расказалі, як яны святкуюць Стары Новы год

Для сучасных людзей стары Новы год – гэта яшчэ адна магчымасць адзначыць любімае свята, пабыць разам з дарагімі сэрцу людзьмі, павіншаваць іх і паверыць у цуд. Што для іх – стары Новы год і як адзначаюць яго віляйчане? На гэта пытанне адказалі некаторыя з іх.

Алена ДУРОВІЧ:

– Стары Новы год наша сям’я святкуе як і Новы.
Гэтак жа старанна рыхтуем святочны стол, не абыходзіцца без традыцыйных аліўе ды селядца пад футрам. У гасцінай у нас стаіць старая пліта, якую мы ад­рэстаўравалі, і кожны стары Новы год мы гатуем у духоўцы бабку. Смаката! Дарэчы, другое жыццё далі мы і насценнаму гадзінніку 1976 года, і ўрачысты яго бой у святочную ноч успрымаецца неяк па-асабліваму.
Канешне ж, на стары Новы год мы рыхтуем падарункі блізкім, віншуем адно аднаго, адрасуючы самыя цёплыя і светлыя пажаданні. Галоўнае – зычым родным людзям моцнага-моцнага здароўя, а астатняе, як кажуць, прыкладзецца.

Пасядзеўшы за святочным сталом, зноў жа па традыцыі ўсёй сям’ёй ідзём гуляць па начной вуліцы з нашым чацвераногім сябрам – сабакам Глебам. Такая прагулка па свежым паветры ўсім толькі на карысць. І настрой заўсёды выдатны!

Марына АКУНЬКОВІЧ:

– Гэта свята, канешне, – успамін пра маладосць. Расказваю сваім дзецям, як мы з дзяўчатамі варажылі. А яшчэ – як з мужам (на вялікі жаль, яго ўжо няма ў жывых) адвезлі веснічкі ад хаты маёй сяброўкі да хаты яе хлопца ў суседнюю вёску. Памятаю, як злаваўся тата сяброўкі з-за прапажы. А пасля тыя веснічкі знайшлісяі. І ўсе ад душы пасмяяліся.
А яшчэ прыгадваю, як сцежкі чарнілам малявалі ад дома хлопца да дома яго каханай… Цікавага было многа.

Калі мая старэйшая дачка Валерыя стала дарослай, то напярэдадні свята мы самі здымаем веснічкі – на ўсялякі выпадак, каб ніхто не знёс. Увечары 13 студзеня па традыцыі ладзім святочную вячэру, а 14-га ўжо адзначаем само царкоўнае свята.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 145 queries