Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Велікодны роспіс у Доме рамёстваў

Ці можна аспрэчыць ролю яйка ў традыцыйнай абраднасці беларусаў? Яно заўсёды было шматзначным сімвалам і нават лічылася мадэллю светаўтварэння. Велікоднае ж яйка, якое захоўвалі ўвесь год, надзялялася шматлікімі ўласцівасцямі. Яно з’яўлялася інфармацыйным кампанентам у абраднасці, выступала ў ролі даніны продкам, а вадой, у якую клалі прынесенае з царквы яйка, раніцой умывалася ўся сям’я – каб пазбегнуць хвароб. Ды ці пералічыш усе уласцівасці яйка?

Пісанка ў Доме рамёстваўТолькі не кожная мясцовасць можа пахваліцца сваім музеем яйка. А ў раённым Доме рамёстваў, што ў Ізбіно, такі музей працуе ўжо з 2008 года. Сёлета яго экспазіцыю абнавілі. У ёй прадстаўлены яйкі, выкананыя ў самых розных тэхніках. Гэта і разьба па дрэве, і распісаныя драўляныя яйкі, інкруставаныя саломкай, з бісеру, керамікі, традыцыйная пісанка і нават выцінанка. Таму зусім невыпадкова наш раён прымаў семінар-практыкум па тэхніцы роспісу велікодных яек, што адбыўся напрыканцы сакавіка згодна плану работы Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
У семінары, акрамя Вілейскага, прынялі ўдзел прадстаўнікі клубных устаноў дванаццаці раёнаў Мінскай вобласці. Прысутнічалі і прадстаўнікі абласнога метадычнага цэнтра з аддзела дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Экскурсію па Доме рамёстваў, яго майстэрнях, музеі яйка і выставе, што была арганізавана ў выставачнай зале, правёў яго дырэктар Сяргей Дубяга.
Пасля гутаркі і прагляду фільма пра велікоднае яйка, майстар-клас па роспісе велікодных яек правяла выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Мазюк. Ірына Васільеўна, дарэчы, часты госць нашага раёна, бо прыязджае сюды з фальклорнымі экспедыцыямі, – збірае традыцыйныя песні. У сваёй творчасці ўсе ўдзельнікі семінара-практыкума, што адметна, выкарыстоўвалі толькі натуральныя фарбавальнікі (шалупінне цыбулі і сок бурака), а сам малюнак наносілі воскам. Дарэчы, па ўзоры на яйку можна пазнаць рэгіён, дзе яно распісана. Вынік працы майстроў парадаваў разнастайнасцю ўзораў і прынёс пачуццё святочнасці і ўрачыстасці. Частка яек, распісаных майстрамі, была падаравана Вілейскаму краязнаўчаму музею.
Семінарам-практыкумам усе яго ўдзельнікі, па словах дырэктара раённага метадычнага цэнтра Людмілы Багіян, засталіся задаволены. А асаблівае захапленне і ўражанні гасцей выклікала наведванне музея яйка, многія выказалі здзіўленне, што такі ўнікальны аб’ект ёсць на Вілейшчыне.
Дакрануцца да традыцый продкаў, вытокаў іх абраднасці – падзея важная. А іх захаванне і шанаванне – вялікі плюс беларускаму народу.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота прадстаўлена
Людмілай БАГІЯН

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries