Ну бываюць жа ў жыцці крыўдныя моманты! Хаця б вось гэты – некаму з дзетвары давялося праводзіць прыгожыя зімовыя святы ў дзіцячым аддзяленні бальніцы. Што ж зробіш, здароўе папраўляць трэба. Але ж гэта так крыўдна і сумна: бальнічны ложак, лекі, працэдуры… А ў гэты час у класах і групах, дзе вучацца і праводзяць час дзеткі, праходзілі святочныя ранішнікі з падарункамі, віншаваннямі, смехам і жартамі…
І ўсё ж сапраўднае навагодняе свята ў часовых насельнікаў дзіцячага аддзялення бальніцы, як і штогод, было. З вясёлымі Дзядулем Марозам і Снягуркай, песнямі, жартамі і карагодамі. І са шчодрымі гасцямі, якія завіталі, каб павіншаваць дзетак і пажадаць ім хутчэйшага выздараўлення.
Цёпла і шчыра хлопчыкаў і дзяўчынак віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях, старшыня раённага аддзялення Дзіцячага фонду Мікалай Гіро, артысты раённага Палаца культуры. Ля прыгажуні ёлкі, якая зручна размясцілася ў фае аддзялення, ладзіліся гульні, танцы, вадзіліся карагоды, гучалі песні і вершы. А колькі падарункаў атрымалі дзеткі ад сваіх гасцей, што сталі ўжо сябрамі!
– Мама, а Дзед Мароз са Снягуркай прыйшлі да нас з нашага садзіка? – цікавіўся маленькі хлапчук у мамы.
– І з вашага садзіка, і з Сашкавай школы, – тлумачыла мама сваёй малечы. – Яны ўсюды паспяваюць, гэтыя спрытныя дзядуля з унучкай. Вось бачыш, нават бальніцу не мінулі…
Малыш задаволена прыціх, мацней прыціснуў падарунак і з цікавасцю пачаў назіраць за казачным дзействам, што разгарнулася ў фае. Яно, гэта дзейства, падумалася, надоўга запомніцца і стане своеасаблівым упрыгожваннем дзіцячага прабывання ў бальніцы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА






