Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Умейце радавацца жыццю

Сёння рэдка дзе ўбачыш вышыванкі. А некалі яны былі абавязковым атрыбутам дызайну вясковай хаты. Прымітыўныя копіі не самых лепшых арыгіналаў, стылізаваныя пад вытанчанасць, упрыгожваюць нашы сцены, замяніўшыя модныя некалі дываны. Тым больш прыемней усведамляць, што жывуць сярод нас носьбіты традыцыйнага мастацкага промыслу. І далікатныя вышыўкі знаходзяць месца не толькі на музейных выставах. Вось і вязынскія валанцёры, удзельніцы праекта «Ружа вятроў», ладзячы свята для пажылых людзей, прыцягнулі да ўдзелу ў ім менавіта мясцовых мастачак. Як іначай можна назваць жанчын, якія ўласнаручна, ніткамі і бісерам, вышываюць сюжэтныя малюнкі, вяжуць цудоўныя рэчы, што выгадна адрозніваюцца ад вырабаў серыйнай вытворчасці? Усё гэта прадставілі на выставу Таццяна Філістовіч, Таіса Пакладок і Любоў Гамолка. У кожнай рэчы – індывідуальнае чалавечае светаадчуванне, добры густ і высокі ўзровень майстэрства. Як і ў арыгінальных плеценых кошыках, дзе дызайнеры пасялілі восеньскі агарод – тое з адметнага, што вырасла на ўласных сядзібах вяскоўцаў. А познія кветкі, што рознаколернымі дыванамі рассцяліліся каля платоў, аформіліся ва ўражальныя, па-мастацку зваяныя кампазіцыі. Кожны іх стваральнік стараўся бліснуць сваёй арыгінальнасцю, прэтэндуючы на перамогу ў наладжаным арганізатарамі конкурсе букетаў.

«Пяю цябе, мілая Вязыншчына», – так назвала свой паэтычны зборнік Раіса Філістовіч. І ўдзельнікі свята прысутнічалі на яго прэзентацыі. Шчырыя паэтычныя радкі прысвяціла Раіса Канстанцінаўна суседзям-аднавяскоўцамм, з кім добрая частка жыцця пражыта і многае перажыта.
Была ў свята і свая банкетная зала, у якой цёплыя віншаванні людзям залатога ўзросту адрасаваў старшыня мясцовага сельвыканкама Ігар Судніковіч. Ён выказаў шчырую захопленасць прыкладной мастацкай творчасцю землякоў, якая дапамагае ім падтрымліваць жыццёвы тонус, не старэць, нягледзячы на гады, знаходзіць радасць у кожнай з’яве акаляючага свету. Сапраўды, адчуванне ўзросту прыходзіць да нас тады, калі мы бачым сваю незапатрабаванасць, калі думаем, што вычарпалі ўсю энергію душы. А каб такога адчування чалавек не меў, напэўна, і павінны ладзіцца такія мерапрыемствы. Яны – не толькі магчымасць для зямляцкіх стасункаў. Яны ствараюць духоўнае поле для самавыражэння ўсім, хто там прысутнічае.
– Умейце радавацца жыццю. Не забывайце падзякаваць пражытаму дню, прымайце яго як вялікі дарунак лёсу, – звярнулася да прысутных мясцовы фельчар Таіса Нарэйка. І ў гэтым ключы ішла далейшая размова. Успаміны перапляталіся з рэаліямі сённяшняга дня. Бо на грунтоўным падмурку мінулага ўзводзіцца трывалы будынак сучаснага. Ганна Петрусевіч, былы аграном, успамінала, як развівалася гаспадарка, якія людзі ўносілі свой важкі ўклад ў яе станаўленне. Былы кіраўнік колішняга саўгаса «Вязынь» Анатоль Новікаў, ветфельчар Яніна Галубоўская, якую і цяпер успамінаюць усе вязынцы дорым словам, расказалі пра той час, што прыпаў на гады іх маладосці і сталення. Любові Траццяковай ужо за 80. Але яна – актывістка валанцёрскага руху. І гэта таксама адзначалася на свяце.
Хуткацечны час непазбежна прывядзе кожнага ў пару залатой восені. І так важна, каб і ў старасці не засцілі хмары далягляд. А ў душы чалавечай панавалі спакой і згода з усім акаляючым светам.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries