На мінулым тыдні Варвара Міхайлаўна Аскірка вярнулася з Мінску, дзе адведвала родзічаў. Пад вечар жанчына адчула сябе дрэнна, але вялікай увагі гэтаму не надала – у сэрцы і раней паколвала, «адпусціць» і зараз. Але, калі трывожныя сімптомы пачалі нарастаць, была вымушана пагадзіцца з мужам – трэба выклікаць «хуткую». Да машыны хуткай медыцынскай дапамогі Варвару Міхайлаўну неслі ўжо ў беспрытомным стане. Капельніцу ставілі па дарозе ў бальніцу. Фельчары – Віталь Васільевіч Чайкоўскі і Вольга Анатольеўна Сініца – не гублялі часу: пры інфаркце кожная хвіліна на ўліку. Варвару Міхайлаўну ў рэанімацыю даставілі своечасова. Зараз, калі небяспека мінула, яна праходзіць курс лячэння ў кардыялагічным аддзяленні раённай бальніцы. І, канечне, вельмі ўдзячна медыкам – за прафесіяналізм і чалавечнасць, за выратаванае жыццё. А сваім суседзям, якія таксама ў гэты няпросты час былі побач, – за неабыякавасць і падтрымку.
Падрыхтавала Таццяна ШАРШНЁВА


