Вілейшчына мае свае асобныя традыцыі, духоўную спадчыну і шмат таленавітых людзей. На яе тэрыторыі знаходзіцца больш за 300 гістарычных, архітэктурных, археалагічных і геалагічных помнікаў, 26 з іх занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
У вёсцы Касута стаіць царква Святых Пятра і Паўла, будаўніцтва якой вялося на працягу 1878. Царква вельмі ўшанаваная вернікамі, бо яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя тут быў заснаваны уніяцкі кляштар.
А яшчэ гэтая вёска вядомая тым, што ў ёй нарадзіўся і вырас творца першай у Еўропе Канстытуцыі 1710 года, якая дзейнічала ў Правабярэжнай Украіне – гетман Піліп Орлік (1672-1742 гг.).
Менавіта ў Касуцкай царкве ў гонар яго штогод 12 ліпеня, у прастольнае свята (царква ніколі не зачынялася), гучыць звон, які збірае вялікую колькасць людзей. Не выключэнне – і сёлетні год.
Па традыцыі пасля кроснага хода і службы каля царквы адбылася духоўная музычная праграма. Сёлета мерапрыемства прайшло пад назвай «Тут адно сонца ззяе для ўсіх». На свяце выступіла шмат таленавітых людзей. Канцэрт пачаўся з верша Уладзіміра Цануніна «Мая Вілейшчына». Аўтар выканаў яго пад музыку ўдзельніцы народнага калектыву «Элегія» скрыпачкі Людмілы Алеолавай. Вядучай і рэжысёрам была Таццяна Захарыч – дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання. Яна ж пазнаёміла прысутных з вершамі паэта, земляка – Івана Лашуткі.
Са словамі прывітання да ўсіх прысутных звярнуўся Сяргей Паўлоўскі – начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Свае таленты прадэманстравала вакальная жаночая група выкладчыкаў Нарачанскай школы мастацтваў пад кіраваннем Аксаны Тумаш. Ў іх выкананні гучалі песні рознай тэматыкі і зместу.
Парадаваў гасцей гэтага свята Віктар Кажура сваім вершам » Памяці Піліпа Орліка».
Прыемна было бачыць Леаніда Лысакабылку, старшыню культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў «Краяны» з горада Маладзечна.
Вельмі кранальна прагучала «Мелодыя любві» ў выкананні сямейнага дуэта скрыпачоў Іны і Дзіяны Радзевіч Нарачанскай дзіцячай школы мастацтваў.
Кожны год госцем мерапрыемства становіцца кіраўнік Мінскага гарадскога грамадскага аб’яднання «Запавіт», старшыня грамадскай камісіі па ўшанаванню імя Піліпа Орліка беларускага рэспубліканскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра», Калюжная Галіна.
Нарадзілася яна ў горадзе Дубна на Украіне. У беларускую сталіцу Галіна Яфімаўна прыехала зусім юнай: пасля смерці мамы над ёй ўзялі апякунства сваякі з Мінска. Тут скончыла педагагічны універсітэт (цяперашні ім. Максіма Танка), стварыла сям’ю. Шмат гадоў працавала ў прафсаюзнай бібліятэцы. Грамадскай працай займаецца з землячкамі Аленай Юдзінай, Ганнай Сапсай. Усіх іх вялікі ўклад у арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі і іншых знакамітых людзей Украіны.
Анастасія ЗБЕРАНОЎСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта