Пажылі і разляцеліся – гэта даводзіцца чуць нярэдка. І гавораць так, нібы зрабілася нешта дробязна-звыклае. Як і не было,багатага вяселля, падарункаў і шчырых пажаданняў… Нібыта і няма таго, каму ў яго малым узросце так патрэбны і мама, і тата (хоць яны, што тут і казаць, патрэбны заўсёды)…
Сям’я Насці і Алега праіснавала нядоўга – пяць з палавінай гадоў. Ды і то гэта юрыдычна. А на самой справе маладыя зразумелі, што «не сышліся характарамі» значна раней. Таму для пяцігадовага Юркі тата ўжо даўно толькі «нядзельны». Так чакае хлопчык выхаднога, калі той забірае яго да сябе! Час пралятае непрыкметна, і настрой малога псуецца з набліжэннем вечара. Юрка ведае, што пасля таго, як яны з татам пагуляюць на вуліцы, вернуцца дамоў, паабедаюць, адпачнуць і пасля зноў пагуляюць, трэба будзе вяртацца дамоў, да мамы. Малы любіць і маму, і бабулю. Але ж там няма таты – і Юрку сумна. Таму хлапчук беражліва захоўвае татавы падарункі, з якімі весялей. Вось і нядаўна, складаючы сынава адзенне, Насця выпадкова вытрасла з кішэні штонікаў каменьчык. Звычайны, падабраны, мусіць, недзе на вуліцы.
– Вялікі ўжо, а рознае смецце цягнеш! – упікнула Юрку і наважылася выкінуць знаходку.
– Гэта не смецце! Гэта крэмень! – закрычаў малы. – Мне тата знайшоў!
І, выхапіўшы камень з рук мамы, пабег у свой пакой. Тут ён схавае знаходку. Незвычайную, цікавую. Татаву.
Ірына БУДЗЬКО


