Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Так сустрэліся дзве адзіноты

Гісторыя Івана Пятровіча (прозвішча мужчына прасіў не называць) самая звычайная: нарадзіўся ў вёсцы, закончыў вучылішча ў райцэнтры, тут жа ўладкаваўся на працу, ажаніўся, нажыў двух сыноў. Усё як у сотні такіх жа  звычайных людзей. Сыны выраслі,  адзін звіў сваё сямейнае гняздо недалёка ад бацькоўскага, а другога лёс закінуў далёка ад малой радзімы – як трапіў пасля тэхнікума ў другую вобласць, так там і застаўся.

На жыццёвых скрыжаваннях
– Мы з жонкай у свой час атрымалі добраўпарадкаваную кватэру ад прадпрыемства, дзе абое працавалі, – узгадвае мінулае Іван Пятровіч. – Гэта ж такая выгода тады была – ніякіх табе кааператываў, ніякіх грошай за тую кватэру. Не тое што цяпер. Так і пражылі да выхаду на пенсію. І да цяперашняга часу жылі б, каб не бяда…
Вочы немаладога мужчыны становяцца сумнымі. Дзесяць гадоў мінула, а боль у сэрцы не сціхае. Зноў і зноў ён вяртаецца ў думках у той гарачы летні дзень, калі яго Вера, вярнуўшыся ў горад з бацькоўскай хаты (а там жанчына, як звычайна, добра папрацавала на агародзе), адчула сябе дрэнна. Выклікалі «хуткую», пенсіянерку забралі ў бальніцу, а на другі дзень яе не стала.
– Як цяжка губляць блізкага чалавека пасля сарака гадоў сумеснага жыцця, зразумее толькі той, хто падобнае перажыў, – вочы пенсіянера становяцца вільготнымі. – Гэта ж усюды мы з ёй, бывала, разам, удваіх, дапамагаючы адно аднаму. А тут – зусім адзін застаўся, як той пень. У дзяцей ужо даўно былі свае сем’і, ды і спраў у кожнага хапае, не са мной жа цацкацца.
Пяць гадоў пражыў Іван Пятровіч пасля смерці жонкі адзін. З усім спраўляўся, нават кухарыць навучыўся (жонка раней да пліты яго не дапускала, сама была майстрыхай у кухарскай справе). Толькі з адзінотай пенсіянер не змог змірыцца, таму і прыслухаўся да парады суседкі сысціся з добрай жанчынай яго ўзросту. І парадак у кватэры навядзе, і нагатуе, і пагаварыць будзе з кім. Як ні кажы, а немаладым людзям удваіх весялей і прасцей. З гэтым пенсіянер пагадзіўся і неяк у выхадны запрасіў у госці дзяцей і сваю патэнцыяльную сужыцельку.
– Нямала часу прайшло, а і зараз сорамна ўзгадаць тую сустрэчу, – Іван Пятровіч апускае галаву. – Як накінуліся нявестка з унучкай на Соф’ю Міхайлаўну! Маўляў, хочаш старога абабраць, на сябе ўсё перапісаць…. Бедная жанчына не стала апраўдвацца, а хуценька – за дзверы. Мае ж сваячкі тут жа да мяне: афармляй на нас кватэру, пакуль не позна. Я, як той дурань, паслухаў унучку, аформіў на яе сваё жыллё і… сам практычна застаўся бамжом. Выжылі мяне…. Не выкідалі, праўда, за каўнер, не білі, але абразлівых слоў наслухаўся. Што заставалася рабіць – сабраўся і з’ехаў на вёску ў старую хату, дзе яшчэ са сваёй Верай гаспадарылі. Дзіка неяк было напачатку і цяжка. Ды не пакінула ў бядзе тая ж суседка, зноў звяла мяне з пакрыўджанай маімі дзецьмі Соф’яй Міхайлаўнай. У яе таксама жыццё не цукар, свае праблемы з сынам-п’яніцам. Карацей, сышліся мы і ўжо пяць гадоў разам. Соф’я жанчына гаспадарлівая, старанная, дык яшчэ і козачку трымаем, і курак. Агарод невялічкі маем, нам усяго хапае. Сёлета ўпершыню за ўвесь час нашага сумеснага жыцця наведаліся ўнукі – мае і Соніны. Пабылі, адпачылі на прыродзе. Мы іх яшчэ на дарогу тым-сім з уласнай гаспадаркі пачаставалі. Так і жывём, як у той песні спяваецца, «сустрэліся дзве адзіноты»…
Непрадказальнае яно, чалавечае жыццё. Ніхто не можа прадбачыць, які паварот яно зробіць, калі падорыць хвіліны радасці, а калі апячэ болем. Толькі на тое ён і чалавек, каб вытрымаць усё, што наканавана лёсам. Праўда, сагрэтаму ўвагай і дабрынёй блізкіх людзей любое выпрабаванне перажыць лягчэй. Відаць, таму і шукае чалавек выратавання ад адзіноты, нягледзячы ні на што, шукае.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries