Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сяброўка

Вестка пра тое, што тата і мама цяпер чужыя, стала для Наташы громам з яснага неба. Яна ніколі не лічыла сваю сям’ю ідэальнай – як і ва ўсіх, тут здаралася рознае, але пра тое, што ўсё так закончыцца, ніколі не думала.

Мама пазваніла ёй увечары. Наташа ўжо па яе голасе зразумела: нешта здарылася дома.
– Ты калі збіраешся прыехаць? – голас маці крышку дрыжэў. – Яшчэ не думала? У любым выпадку, едзь да бабулі. Я цяпер, дачушка, там, пайшла з кватэры. Так атрымалася. Калі вярнуся дамоў? Ніколі. Прыязджай, пагаворым.
Дзяўчыне падумалася, што бацькі проста пагарачыліся, і праз дзень-два мама вернецца дадому. Што ўсё вельмі сур’ёзна, Наташа зразумела, калі і праз тыдзень застала маці ў бабулі. Сюды ўжо было перавезена многае з іх рэчаў…
Іх размова была сур’ёзнай. Аберагаючы дачку ад непрыемнага, маці старалася не расказваць ёй падрабязнасці іх сямейнага жыцця. Урэшце, яно было як і ў большасці сямей. Ну, выпіў бацька лішняе, ну, пасварыліся з маці… Ды ў каго такога не бывае? І толькі цяпер дзяўчына даведалася, што была ў жыцці бацькоў сур’ёзная прычына развітацца – цёця Люда.
Яна была мамінай сяброўкай юнацтва. Дзяўчаты раслі ў адной вёсцы, вучыліся ў адным класе. Не перасталі сябраваць і пасля, калі сталі дарослымі. Люда вельмі хутка пасля школы выйшла замуж за першага сустрэчнага (бацька яе тады яшчэ зазначыў: раней выйдзе – раней прыйдзе) і гэтак жа хутка апраўдала бацькава прадказанне. Зоя, мама Наташы, закончыла інстытут, атрымала размеркаванне на завод, дзе і сустрэла сваю палавінку. На тым вяселлі гуляла і Люда, ужо вольная, як птушка… Ды так ужо склалася ў жыцці, што сяброўка, самая блізкая і, здавалася, надзейная, была ў жыцці Зоі заўсёды. Вяселле, наваселле, нараджэнне ў Зоі дачушкі, юбілеі і проста частыя-частыя сустрэчы за кубачкам кавы – усё гэта ў сябровак было. Яны давяралі адна адной самае патаемнае, дзяліліся апошнім. Нярэдка Зоі думалася, што адсутнасць сястры ёй спаўна кампенсавана такой надзейнай сяброўкай, якая, мусіць, бліжэй за сястру. Таму і давярала ёй усё – ад сваіх жаночых сакрэтаў да клопату пра мужа і дачку, калі самой выпадала камандзіроўка.
Даверлівая і ўпэўненая ў надзейнасці тых, хто побач, Зоя доўгія гады жыла ў ружовых акулярах. Яна нібыта і не бачыла, як непрыхавана-закахана глядзяць адно на аднаго муж і лепшая сяброўка, а на перасцярогу ўсёбачачай суседкі лепш прыгледзецца да Люды толькі рассмяялася…
Усё было так, як у тым вядомым анекдоце пра мужа, які вярнуўся з камандзіроўкі. Так і Зоя вярнулася з паездкі раней на дзень. Атрымалася, што мужа папярэдзіць не змагла. Ды і навошта, падумала, ужо даўно выйшлі з таго ўзросту, каб праз пяць хвілін – «родненькі, чакаю, цалую». Познім вечарам зайшла яна ў кватэру, убачыла ў прыхожай туфлі і паліто Люды (нават тады не засумнявалася, а з удзячнасцю падумала пра клапатлівую сяброўку). І толькі калі ўбачыла заспаную Люду побач з мужам у ложку, усё зразумела… У той жа вечар пайшла да маці, пакінуўшы разгубленага мужа і ваяўніча настроеную сяброўку ў сваёй кватэры. Найбольш уразілі словы Люды: «У нас гэта амаль з вашага вяселля».
Як дарослай жанчыне, расказала ўсю гэту гісторыю дачцэ. Зоя бачыла, як цяжка Наташы чуць яе словы. Ім здрадзілі самыя блізкія, родныя і надзейныя людзі. Як з гэтым змірыцца? Як жыць далей? Дзяўчына не стрымалася, расплакалася. Затым доўга ляжала на канапе, рабіла выгляд, што чытае. Маці ж ведала: яна асэнсоўвае ўсё, што даведалася. Што скажа, ці не абвінаваціць яе, Зою, у тым, што ў нечым памылілася?
Толькі ўвечары вярнуліся да няпростай размовы. Наташа, яе мудрая і разумная Наташа, сказала галоўнае:
– Ты ўсё правільна зрабіла, мама. А што рабіць далей, вырашым. Галоўнае, што мы з табой здаровыя і разам, праўда?
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries