Нам заўсёды цікава, якім будзе Новы год, і што ад яго чакаць. А традыцыйныя Каляды, якія набліжаюцца, гэта не толькі святочны стол, а свята народнай містыкі, застольных размоваў і прыемных неспадзяванак. Новы год і Каляды – надзвычай чароўны час, калі можна варажыць, каб дазнацца пра будучыню, у якую заўсёды хочацца зазірнуць. А таму нядзіўна, што ўжо сотні гадоў людзі варожаць, спадзеючыся атрымаць адказы на самыя розныя пытанні. Па традыцыі на працягу ўсіх гэтых дзён (з 7 па 19 студзеня (з 25 снежня па 6 студзеня па старым стылi) звычайна варажыла моладзь, дзяўчаты і хлопцы, бо ім трэба было ствараць новыя сем’і. Кожнаму было цікава дазнацца, хто ж яго нарачоны.
Спосабаў варажбы вельмі шмат. Усе яны цікавыя і арыгінальныя. Таму не здзіўляйцеся, калі 31 снежня ўбачыце за акном маладых дзяўчат: гэта яны падслухоўваюць размовы і па асобных словах робяць высновы наконт замужжа ці будучага жыцця. Напрыклад, словы «пайшоў», «паехаў», «паляцеў», «гара», «лес», «ніз», «балота» абяцалі непрыемнасці. Але не толькі дзяўчаты, хлопцы раней таксама падслухоўвалі пад чужымі вокнамі і па гаворцы меркавалі, кахаюць іх дзяўчаты ці не.
Згадзіцеся, весела было жыць у вёсцы гадоў сто назад! Перад Новым годам моладзь кідала цераз вароты чаравікі ці лапці: калі перакінецца, хутка чакае вяселле, калі толькі адзін – не хутка. Уявіце сабе: ідзеце па вуліцы, а вам раптам чаравік у галаву ляціць, а праз хвіліну яшчэ і з ног саб’юць дзяўчаты, што з вёдрамі бягуць па ваду: якая першая прымчыць дадому, тая першай і выйдзе замуж.
Для таго, каб варажыць, трэба быць чалавекам надзвычай смелым. Варажба з люстэркам – найбольш небяспечная, бо гэты прадмет заўсёды ўспрымаўся, як магічная рэч, скрозь якую можна было зазірнуць у іншасвет. Для варажбы на люстэрку заўсёды абіралі ці закінутую хату, ці нейкую гаспадарчую пабудову. Збіраліся там толькі апоўначы. Дзяўчына брала два люстэркі: адно паболей, другое – меншае, запальвала свечку і ўглядалася, чакаючы, пакуль у адлюстраванні не з’явіцца яе суджаны. Я, прызнацца, не змагла б замкнуцца ноччу ў лазні, паставіць перад сабой люстэрка, а па баках яго дзве свечкі ды глядзець у люстэрка, не міргаючы і не азіраючыся. Лічыцца, хто не палахлівы і дакладна выканае ўсе ўмовы, той убачыць усё, што чакае яго наперадзе. Для таго ж, каб убачыць нарачонага, дзяўчаты глядзелі праз пярсцёнак на полымя свечкі.
Такі спосаб варажбы, як ліць са свечкі воск у ваду і па адлітых фігурах угадваць свой лёс – самы пашыраны. Абрысы ключа, напрыклад, да новага дома, каляска з дзіцём – да цяжкасцей. Прыкладна тое ж самае рабілі і з яечным бялком: пускалі на ваду, а назаўтра глядзелі, абрысы якіх прадметаў ён набыў. Перад самым Новым годам, як толькі гадзіннік біў дванаццатую гадзіну, пісалі на паперцы запаветнае жаданне і спальвалі яе з апошнім боем гадзінніка, упэўненыя, што задуманае абавязкова здзейсніцца.
Каб у сне ўбачыць жаніха, дзяўчаты бралі першую лыжку куцці і клалі сабе пад галаву або рассыпалі па хаце, прыгаворваючы: «Дай, Божа, знаць, з кім буду спаць!» Вельмі часта выкарыстоўвалі для гэтай мэты поўны кубак вады з палачкамі наверсе. «Хай мне мілы вады падасць», – гаварылі дзяўчаты. Некаторыя клалі пад галаву грабеньчык: хто будзе ў сне ім часацца – той будзе і нарачоны. Каб даведацца, якога нораву жаніх, чым займаецца, хавалі пад накрыўку наступныя рэчы: хлеб, ярсцёнак, шчотку, шыла, іголку. Тая, якая дастане хлеб, будзе мець багатага хлопца, пярсцёнак – прыгожага, шчотку – злоснага, шыла – шаўца, іголку – краўца. Для таго, каб убачыць, чым скончацца адносіны з мілым, дзве сяброўкі ў найвялікшай таямніцы бралі дзве свечкі, ставілі іх на карты і, запаліўшы, пускалі па вадзе (адна свечка павінна была ўвасабляць хлопца, а другая – дзяўчыну). Калі ж свечкі падплывуць адна да адной, гэта бясспрэчны знак таго, што маладая пара ў недалёкім будучым будзе звязана сямейным вузлом.
Таксама пяклі дзяўчаты аладкі, клалі на ганак і клікалі сабаку ці пеўня. Чыю аладку сабака з’есць першую, ці чыю здзяўбе певень – тая дзеўка ў новым годзе і пабярэцца шлюбам. Таксама праз варажбу можна было дазнацца, які характар будзе ў будучага мужа. Сталая жанчына выганяла ўсіх маладзіц у сенцы, а сама ставіла на стол талеркі і хавала пад імі пэўныя рэчы: лусту хлеба, пярсцёнак, ключ, іголку, шыла і нават пясок… Потым яна запрашала да стала дзяўчат і прапаноўвала кожнай выцягнуць тое, што пад талеркай схавана. Калі дзяўчына выцягвала пярсцёнак, гэта азначала, што яна пабярэцца шлюбам з маладым і прыгожым. Калі, крый Божа, пясок – гэта значыць, што яна неўзабаве памрэ. Венік азначаў, што яна пабярэцца са старым і нягеглым. Ключы і хлеб азначалі багацце…
Як бачым, варажба – вельмі спакуслівая забава!
Заўсёды хочацца пранікнуць у будучыню. Даведацца пра лёс свайго нарачонага. Але тое, што апісана ў тэксце, нельга ўспрымаць як чорную ці белую магію. Гэта частка народнай культуры, без якой проста немагчыма было ўявіць сабе святкаванне Новага года і Калядаў у беларускай вёсцы.
А ці варожаць сучасныя дзяўчаты?
Вольга Чарменская, псіхолаг, зараз у дэкрэтным адпачынку:

– Варажылі неяк з сяброўкамі на Каляды. Мы ў розныя боты клалі розныя прадметы: цацка (дзіця), грошы (матэрыяльны дабрабыт), кальцо (вяселле), цукерка (добрае жыццё). Адна дзяўчына раскладвае прадметы ў боты, астатнія па чарзе выбіраюць прадмет. Затым іншая дзяўчына раскладвае, а першая выбірае. Што патрапіць, тое ў гэтым годзе і здарыцца. Добра памятаю, як выцягнула цацку. У тым жа годзе зацяжарыла.
Анжаліка Вавілава, памочнік урача-гігіеніста, урача-валеолага раёнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

– Як і ўсе дзяўчынкі, я таксама любіла гадаць. Сабіраліся з сяброўкамі ў мяне дома на стары Новы год і пачыналі варажыць. Самым простым, па-мойму, быў спосаб на чаравікі. Бралі свой уласны бот і апоўначы, стоячы на парозе хаты, кідалі яго чым далей. І тут ужо, як гавораць, куды абутак насочкам упадзе – адтуль і міленькі прыйдзе. А вось цікавы спосаб варажбы з дапамогай вады. На адной свечцы мы пісалі свае ініцыялы, на іншай – імя хлопца, які падабаўся. Потым запальвалі іх і акуратна клалі на паверхню вады (бралі глыбокую міску). Калі яны рухаліся адзін да аднаго, гэта азначала добрую сумяшчальнасць. Калі наадварот, расплываліся яны па баках – наперадзе чакае растанне. Калі полымя аслабла і тухла, то ў гэтай пары наўрад ці ўвогуле ёсць агульная будучыня. Аднак, трэба памятаць, што чалавек сам будуе свой лёс. І на варажбу спадзявацца не трэба!
Алена Руткевіч, галоўны бухгалтар Вілейскага РК ГА «БРСМ»:

– Традыцыйна варажбую на Каляды альбо Стары Новы год. Гэты спосаб старадаўні, але цікавы. Навучыла мяне яму маці маёй сяброўкі. Называецца ён «Варажба на свечцы і вадзе».
У чашу наліваем ваду. Бярэм свечку, запальваем. Апоўначы на запаленую свечку загадваем пытанне. «Што мяне чакае ў будучыні або ў Новым годзе?» Нахіляем яе над вадой і на працягу адной хвіліны воск капае ў ваду. Пасля свечку можна патушыць. Воск у вадзе хутка застывае, утвараючы фігуру. Гэта можа быць: дом – сямейны ачаг, дабрабыт у доме. Коннік – новае знаёмства, каханы. Кальцо – хуткая вяселле. Гара – перашкоды, клопаты. Карабль – поспех. Птушка – падарожжа і гэтак далей.
Самае цікавае, што кожны чалавек, можа ўбачыць нешта сваё, нават на самай аднолькавай фігурцы. Усё залежыць ад вашых жаданняў і ўяўленняў. Таму жадаю ўсім шчасця і выканання самых запаветных мараў у Новым годзе.
Кацярына КАРПІК.
Фота аўтара і ўдзельнікаў апытання


