З аграгарадка Ілья патэлефанавала Ганна Іванаўна Вяжэвіч.
– Да глыбіні душы кранула вось што, – пачала жанчына. – У мінулую нядзелю настаяцель нашага храма айцец Віктар дарыў жанчынам у храме кветкі – гэта было ў знак свята жанчын-міраносіц. І наколькі прыемна і радасна было мне, нямоглай і хворай, калі праз суседа Аляксандра Равяку перадалі кветкі і мне. Гэта ўсхвалявала да слёз. Дзякуй добрым людзям за такую ўвагу.
А былая настаўніца з горада Ася Васільеўна Маслава патэлефанавала, каб падзякаваць праз газету Ніне Сцяпанаўне Жвалеўскай, якая арганізавала для сваіх калег-пенсіянераў цікавае мерапрыемства.
– Гэта была паездка ў сталіцу ў музей Вялікай Айчыннай вайны, – падзялілася Ася Васільеўна. – Нас,пенсіянераў, было 27 чалавек. Канешнеф ж, было вельмі цікава і ў музеі, і на «Лініі Сталіна», дзе мы таксама пабывалі. У гэтыя майскія дні ў юбілейным годзе Вялікай Перамогі паездка ўспрымалася асабліва хвалюючай. А як клапацілася пра нас Ніна Сцяпанаўна, як дапамагала ва ўсім! Дзякуй ёй шчыры за гэта. Мерапрыемства атрымалася вельмі ўдалым, дало кожнаму з нас багатую інфармацыю, новыя ўражанні. Гэта экскурсія будзе помніцца доўга. Дзякуй Ніне Сцяпанаўне за гэта.
Ці многа трэба чалавеку, каб свет вакол стаў каляровым і добрым? Мяркуйце самі.
Ірына БУДЗЬКО


