Не ведаю як каму, а мне чамусьці сёлетняя зіма надакучыла. Так чакалася вясны! І вось яна прыйшла, прынёсшы з сабою нямала клопатаў. Ну і няхай, але яны, гэтыя клопаты, такія прыемныя! Гаспадыні актыўна пачалі наведвацца ў гандлёвыя кропкі, дзе можна набыць насенне. Заходжу туды і я. Ад каляровых пакецікаў з сакавітымі «партрэтамі» гародніны, кветак, якія павінны вырасці з насення, аж стракаціць у вачах. Толькі б добрым было тое насенне, толькі б узышло…
Неяк побач са мной ля прылаўка з пакецікамі насення спынілася незнаёмая жанчына.
– Дарагавата, – зрабіла яна заключэнне, паглядзеўшы на цану пакеціка. – Я запаслася ўсім патрэбным на рынку ў Ільі. Мужчына нейкі прадаваў, гаварыў, што вельмі добрая ўзыходжасць…
Гаварыць можна рознае, падумалася мне. Але ж ці варта спадзявацца на праўдзівасць слоў незнаёмца?
– Я б не раіла быць такімі даверлівымі, – пракаменціравала начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Вілейскім раёне Таццяна Анасовіч. – Хоць і запэўніваюць такія прадаўцы, што самі вырасцілі культуры, сабралі насенне. Калі нават і так, то ці правяралася яно на самае элементарнае – на ўзыходжасць? Таму хачу папярэдзіць пакупнікоў, што набываюць яны, што называецца, ката ў мяшку. Патрабуйце дакументы абавязкова. Калі прадавец адмаўляе, то пажадана звярнуцца ў нашу інспекцыю, а вось з пакупкай у такога чалавека не спяшацца.
Прыслухаемся да кампетэнтнага спецыяліста. Тым больш выбар у нас ёсць, насенне, праверанае, сертыфікаванае, прадаюць многія гандлёвыя кропкі. Дык ці трэба нам той «гароднінна-кветкавы» кот у мяшку?
Ірына БУДЗЬКО
Што пасеем
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


