Успамін з далёкага дзяцінства: неяк з малодшым братам вырашылі на свае вочы ўбачыць мініяцюрны казачны свет, дзе ўсё спявае, гаворыць, іграе, смяецца. Што гэта за свет? Звычайны радыёпрыёмнік, які, як нам тады думалася, насялялі маленькія-маленькія людзі, жывёлы, машыны… Так хацелася ўсё гэта ўбачыць! І аднойчы дабраліся-такі, разабралі. Якім жа было наша расчараванне, калі ўбачылі нейкія правадкі, вінцікі, пласцінкі. Эх, бывай, радыё-казка!
З тае пары мінулі дзясяцігоддзі, і для мяне радыё даўно адышло на задні план. Як і многім, яго замянілі тэлевізар, камп’ютар. Здавалася б, гэтага і дастаткова. Мне. Але ж не іншым, хто, даўным-даўно ўпусціўшы радыё ў свой дом (ды і ў сэрца), ужо не ўяўляе без яго сваё існаванне. Гэта, перш за ўсё, пенсіянеры, для якіх «кропка» стала своеасаблівым фонам, скажу больш – неад’емнай часцінкай жыцця. І зноў прыгадваецца, як, прыязджаючы да бацькоў, спяшаюся прыцішыць гук радыё. Яны ж мяне не разумеюць: як гэта можа перашкаджаць?
На днях у рэдакцыю патэлефанавала сяброўка газеты Алена Сідараўна Лаўрыновіч з Порсы. Жанчыну, як і ўсіх пенсіянераў, вельмі цікавіць, што чакае радыё далей. Яны ведаюць, што ў бліжэйшай перспектыве плануецца пераход на бесправадное вяшчанне. Хто яго ведае, разважаюць пенсіянеры, як яно і што будзе. Толькі б рабілася ўсё для дабрабыту людзей…
– Іншы раз патэлефануе мне хтосьці з добрых знаёмых і абавязкова закранём тэму радыё, – падзялілася Алена Сідараўна. – Марыя Лукінічна Круцько з Більцавіч – інвалід па зроку, таму для яе яно – галоўнае ў жыцці. З радыё прачынаецца, з ім засынае. Яшчэ адна добрая знаёмая, Алімпіяда Аляксандраўна Рогач з Кульшыно, таксама непакоіцца, як і што далей будзе. Нам, людзям немаладым і нярэдка з дрэнным зрокам, той тэлевізар не настолькі важны, як радыё. Толькі б яно было…
Важныя навіны, канцэртныя нумары, цікавыя інсцэніроўкі, прагноз надвор’я – усё гэта даносіць да нямоглых людзей радыё. А яшчэ – вілейскія навіны, якія кожнаму з гэтых людзей так цікава ведаць! Пра гэта гаварыў на днях і віляйчанін Віктар Чуковіч, які жыве на вуліцы Маркава, 56. Мужчына падзяліўся, што радыёкропка ў яго доме нярэдка маўчыць (а гэта для вас сігнал, сувязісты!). А яму так не хапае вілейскіх навін…
Я, не перабіваючы, слухала Алену Сідараўну. Хацела, праўда, сказаць пра тое, што жыццё не стаіць на месцы, уносячы ў наша быццё нешта новае, больш дасканалае. Вось і правадное радыёвяшчанне – ужо ўчарашні дзень. Аднак, як высветлілася, жанчына ведае ўсё гэта не горш за мяне (тое ж радыё дапамагло!). Значыць, галоўнае – каб вяшчанне было. Не ў тым сутнасць, у якім выглядзе, а якой якасці. Мне здаецца, так.
Ірына БУДЗЬКО