12 снежня наша газета праводзіла чарговы Дзень падпісчыка. І нам, яе супрацоўнікам, было прыемна і цікава сустрэцца з вамі, нашы паважаныя чытачы, выслухаць вашы меркаванні. Вы звяртаецеся да нас і па тэлефоне, і з дапамогай інтэрнэту, прыходзіце ў рэдакцыю, каб расказаць пра тое, што клапоціць і турбуе, дзеліцеся радаснымі навінамі і нават асабістым. Мы ўсе ўдзячны вам за давер і прапануем працягваць наша сяброўства ў новым годзе.

У мінулую сераду Якаў Яўгенавіч Капура і Васіль Казіміравіч Зяновіч першымі прыйшлі ў вызначаны час у паштовае аддзяленне, якое размяшчаецца на вуліцы 17 Верасня. Аформіць падпіску на «Шлях перамогі» для іх – звыклая і, як прызналіся абодва мужчыны, прыемная справа. Расказалі, што заўсёды знаходзяць на нашых старонках для сябе нешта цікавае. Сябруюць з «раёнкай» яны працяглы час: Якаў Яўгенавіч – 55 год, а Васіль Казіміравіч – 44 гады. Калі скласці лічбы разам – атрымаецца 99!
У жыцці гэтых людзей аб’ядноўвае тое, што працяглы час яны працавалі на адным прадпрыемстве – Вілейскім рамонтным заводзе, адсюль і выйшлі на заслужаны адпачынак. Працоўныя будні засталіся ва ўспамінах, а сяброўства – працягваецца. Як і сяброўства з раённай газетай. Дзякуй вам, паважаныя, за ўвагу і цёплыя словы ў наш адрас!
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара







