Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Шчаслівая памылка

Дзяўчынка нарадзілася неданошанай. Маленькая, як жабка, зморшчаная і плаксівая. Наташа глядзела на гэтага чалавечка і горка плакала сама. Ад таго, што не па-людску склалася яе жыццё, што дачушку яна нарадзіла ў дзеўках, за што бацька, раззлаваўшыся, забараніў вяртацца з дзіцём у родны дом. Ні ў першы, ні ў другі дзень пасля родаў да мамы-адзіночкі ніхто з родных не прыехаў. Мы, яе суседкі па палаце, як маглі суцяшалі небараку, стараліся супакоіць, падтрымаць, усяліць на-дзею на лепшае. Аднак атрымлівалася не вельмі – дзяўчына вельмі перажывала і плакала.

На трэці дзень пасля родаў да Наташы прыехала маці. Хударлявая вясковая жанчына, яна стаяла перад вокнамі раддома, разгублена шукала вачыма дачку. Убачыўшы адна адну, абедзьве расплакаліся, а ў палаце ім старанна дапамагала і трэцяя – нованароджаная дачушка Наташы. Каб супакоіць малую, мама ўзяла яе на рукі, паднесла да акна і паказала ўнучку бабулі…
Ужо пасля, распакоўваючы перадачу з дому, Наташа прачытала напісаную знаёмым маміным почыркам запіску: «Прыедзем забіраць цябе з Колем. А дзяўчынка падобная на нас». І ўсё. У той вечар ці не ўпершыню за доўгія месяцы Наташа заснула спакойна.
Праз некалькі дзён маладую маму з дачушкай выпісалі дадому. Забіралі яе маці з братам.
З таго часу прайшло больш за чвэрць веку. Зрэдку, здаралася, прыгадваліся тыя жанчыны, з якімі пазнаёміліся ў радзільным доме, але часцей за іншых думала пра Наташу. Як склаўся яе лёс? Якой стала яе дачушка?
Неяк давялося быць па справах у адной з гаспадарак раёна. Наведаліся на лепшую ў гаспадарцы жывёлагадоўчую ферму, якая размяшчаецца ў вёсцы, што суседнічае з Наташынай. Пакуль чакалі лепшых даярак, пацікавілася ў загадчыцы пра даўнюю знаёмую. Ці ведае яе?
– Чаму ж не, вельмі добра ведаю, – ажывілася жанчына. – Мая свякроў жыве ў гэтай вёсцы, бываем там, лічы, штовыхадныя. А Наташа жыве недалёка ад нас.
Аказваецца, у той далёкі снежаньскі дзень маладую маму з маленькай дачушкай родныя ўсё ж прывезлі дамоў. Бацька, хоць і не выгнаў, як гразіўся, з хаты, сустрэў дачку непрыязна і вельмі доўга яшчэ папракаў памылкай маладосці. Маленькую назвалі Верай. Дзяўчынка ўжо хадзіла ў школу, калі на жыццёвым шляху Наташы сустрэўся добры вясковы хлопец, за якога яна выйшла замуж.
– Працавала яна спачатку на ферме, а затым – паштальёнам, – расказала пра жанчыну мая суразмоўца. – Жывуць яны нядрэнна, гаспадарку вялікую маюць. Акрамя Веркі, выгадавалі яшчэ дваіх дзетак. А Верка такая прыгажуня! На медсястру вывучылася, цяпер у дзядулі з бабуляй яна – свой, хатні доктар. Толькі ёй давяраюць, яе слухаюць і вельмі ёй ганарацца. А некалі ж так не жадалі гэтага дзіцяці! Не так даўно выйшла Вера замуж за гарадскога, але дамоў часта прыязджае, не кідае сваіх…
Я міжволі парадавалася і за Наташу, і за яе дачушку. Усё ж вельмі добра, што ўсё ў іх жыцці склалася гладка,і тую памылку маладосці, з-за якой дзяўчына і яе родныя так перажывалі, сёння можна назваць шчаслівай.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries