Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Проста радавацца жыццю…

Надакучлівы вецер, зацяжныя дажджы, нізкае шэрае неба, чорныя дрэвы – гэта ўсё Алеся перажывала з цяжкасцю. Ёй восень не падабалася ўвогуле. І нават ранняя – залатая – выклікала незразумелы смутак. Дзіўна, думала Алеся, але ж многія так любяць гэту пару. Вось і Пушкін з яго «Болдзінскай восенню…». А яна бачыла ў гэтай пары набліжэнне да замірання, калі хочаце, да чарговай маленькай смерці ўсяго жывога, што яшчэ нядаўна цвіло, гуло, пахла і радавала. Гэта ж так сумна…
…Наляцеў парывісты вецер і ў адно імгненне ператварыў Алесін парасон у нешта накшталт вялікай чашы. У думках узгадваючы нядобрым словам гаварлівую прадаўшчыцу на рынку (так расхвальвала парасон, які Алеся купіла літаральна на днях), жанчына стаяла пад прыкра-халодным дажджом, «гуляла» з непаслухмянымі спіцамі, спрабуючы нешта наладзіць. У яе нічога не атрымлівалася, а трэба было спяшацца – ужо набліжаўся патрэбны ёй аўтобус. З усяе сілы паціснуўшы на ўстройства, Алеся пачула трэск і зразумела – заўтра трэба будзе купляць новую схованку ад дажджу.
Настрой быў сапсаваны. Канчаткова «дабіў» яго непрыемны мужчына ў перапоўненым аўтобусе, побач з якім Алесі выпала стаяць. Дыхаючы перагарам, ён гаварыў нейкія непрыстойнасці, ад якіх хацелася сказаць яму ўсё, што думаеш, павярнуцца і пайсці. Не сказала, бо ведала, што звязацца з такім – сабе даражэй. А пайсці… Куды ж дзенешся, як кажуць, з падводнай лодкі, ну з аўтобуса, якім трэба даехаць да свайго прыпынку.
– У мяне, мамачка, сёння быў такі добры дзень! – гэта гаварыла прыгожай жанчыне на пярэднім сядзенні дзяўчынка з кніжкай-размалёўкай. – Ніна Іванаўна пахваліла мой малюнак і нават Сярожка сказаў, што я лепш за ўсіх намалявала. А яшчэ нам сказалі, што будзем выступаць на канцэрце, бо мы ўжо школьнікі. Я ж дарослая і самастойная, праўда?
Маці кіўнула. А дзяўчынка ўсё гаварыла і гаварыла. Пра новыя літары, якія сёння вучылі; пра маленькае кацянятка,што хварэла і ўжо паправілася; пра Сярожку, які ўжо не крыўдзіць яе; пра дождж, што, расказвала настаўніца, так патрэбны зямлі… Алеся слухала ўсё гэта і адчувала, як цяплее на сэрцы. У шкле ўбачыла сваё адлюстраванне… з лёгкай усмешкай на вуснах.
Жанчына выйшла з аўтобуса. Яе зноў сустрэў дождж, але гэта ніколькі не засмуціла. Вунь нават дзіця ведае, што ён вельмі патрэбны…
Ужо лежачы ў ложку, Алеся чамусьці зноў прыгадала маленькую дзяўчынку. І некага з мудрых, хто сказаў, што ў дзяцей трэба вучыцца радавацца. Нават калі няма для гэтага асаблівай прычыны. Проста радавацца жыццю.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries