Падчас адкрыцця персанальнай выставы Эдуарда Мацюшонка ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча яе наведвальнікі ўзгадалі пра галоўнае, якое часам губляецца за штодзённай мітуснёй, – хто яны ў вялікім сусвеце, адкуль іх карані і што яны пакінуць у спадчыну сваім нашчадкам.
– Я нарадзіўся тут, – звярнуўся да калег і прыхільнікаў свайго таленту Эдуард Мацюшонак. – І пад маімі нагамі знаходзяцца плечы майго таты, пад нагамі майго таты знаходзяцца плечы майго дзеда, пад нагамі майго дзеда знаходзяцца плечы майго пра-, пра-, пра-… І на маіх плячах зараз стаяць ногі майго сына, і дай Бог, каб гэтак працягвалася далей. Існуе толькі маленькі такі ланцужок пад назвай «маё жыццё». Я толькі хачу, каб у гэтым жыцці было ад мяне столькі добрага, каб той чалавек, які ідзе за мной, сказаў: «Я шчаслівы, што меў у гэтым свеце такога бацьку, дзеда, прадзеда і гэтак далей». Я і вы нарадзіліся тут – на той зямлі, дзе ёсць свая гісторыя, дзе знаёмыя вам людзі. Толькі той, хто любіць сваю маленькую радзіму, сваіх родных, любіць сваю дзяржаву і з’яўляецца яе сапраўдным патрыётам.
Свой род, свая радзіма – гэта карані, якімі моцна трымаецца за жыццё чалавек. Такім адчуваннем і філасофіяй прасякнуты ўсе 13 карцін мастака, якія ўбачылі наведвальнікі выставы. «Каўчэг», «Дзяды», «Кветкі для таты», «Апошняе лета ХХ стагоддзя», «Мелодыя цішыні», «Вандроўнікам прысвячаецца» – гэтыя і іншыя работы не проста адлюстроўваюць жыццё. Іх філасофскі змест спыняе час, даючы магчымасць пабыць сам-насам са сваёй душою, без фальшу расставіць асноўныя акцэнты ў сваім жыцці.
Таццяна ШАРШНЁВА/фота аўтара