Што добраўпарадкаванне – адна з галоўных задач, якія стаяць сёння перад грамадствам, нікому, напэўна, расказваць не трэба. Так, парадак на зямлі, чысціня і дагледжанасць населеных пунктаў важныя не толькі, так бы мовіць, з эстэтычнага пункту погляду. Праблема гэта больш важная – ад чысціні акружаючага нас асяроддзя залежыць здароўе наша і нашых нашчадкаў. Таму трывога і нават боль за лёс нашага вялікага агульнага дома, вера ў добры чалавечы пачатак, любоў да роднай зямлі, падмацаваныя канкрэтнымі справамі па навядзенні навокал парадку, павінны быць у жыцці кожнага з нас.
Чаму пра ўсё гэта разважаю? Навялі мяне на такія думкі два тэлефонныя звароты ў рэдакцыю. Першы – з вёскі Рэдзькавічы Вязынскага сельсавета.
– Хочацца шчыра падзякаваць старшыні нашага сельсавета Ігару Міхайлавічу Судніковічу за такую вялікую работу, якая робіцца ў населеных пунктах па іх добраўпарадкаванні, – расказала жыхарка вёскі Таццяна Аляксандраўна Філістовіч. – Вось і напярэдадні Вялікадня і Радаўніцы ён арганізаваў рабочых, якія давялі да ладу могільнікі ў населеных пунктах сельсавета. Усюды стала чыста, светла і прыгожа. Прыемна ўсім, хто прыходзіць наведаць месцы спачыну сваіх блізкіх. Ад імя ўсіх жыхароў вёсак хочацца пажадаць Ігару Міхайлавічу поспехаў у далейшай дзейнасці,здароўя, пажадаць усяго найлепшага яго родным і блізкім.
Падобным быў і зварот жыхаркі вёскі Путрычы Крывасельскага сельсавета Галіны Міхайлаўны Грышкевіч. Пенсіянерка выказала словы падзякі старшыні сельсавета Ірыне Супрановіч за тое, што яна знайшла магчымасць накіраваць рабочых на добраўпарадкаванне могільніка ў гэтай невялічкай вёсачцы.
Парадак на зямлі мы павінны наводзіць самі. Разам, дапамагаючы адно аднаму. Урэшце, так і робім. І звароты чытачоў – сведчанне гэтага.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Анастасіі ЛЕАНОВІЧ
Парадак на зямлі мы павінны наводзіць самі
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


