Гартаючы ў памяці старонкі свайго жыцця, Святлана стараецца не вяртацца ў думках да Дзмітрыя. Калі падумаць, дык усё тое няўдалае, што выпадала ёй, было звязана з ім… Урэшце, самі адносіны з будучым мужам былі, здаецца ёй, найбольшай яе памылкай. Ну навошта ёй здаўся гэты нядбайліца! Эх, каб вярнуць тыя дзянёчкі маладосці назад…У свае сорак з «хвосцікам» Святлана выглядае даволі добра. У маладосці ж яна была, як кажуць, першай дзеўкай на вёсцы. Чаго-чаго, а хлапечай ўвагі ёй хапала. Можа, таму, што раманаў было многа, яны атрымліваліся нейкімі мімалётнымі, несур’ёзнымі. Святлана ўжо нават прывыкла, што ўсюды, дзе з’яўлялася, знаходзіўся ёй кавалер. Пасля некалькіх сустрэч з чарговым маладым чалавекам дзяўчыне станавілася нецікава, і адносіны заканамерна сыходзілі на нуль. З некаторымі Святлана падтрымлівала потым сяброўскія сувязі, з іншымі без сардэчнага трапятання і болю станавіліся проста чужымі.
Ёй нават няпроста прыгадаць, як яны з Дзмітрыем пачалі сустракацца. Ведала яго столькі, колькі, мусіць, памятае сябе. Ну няхай сабе не так, а што з пачатковай школы – дакладна. Дзімка быў першым двоечнікам ды хуліганам у іх паралелі. Некалькі разоў атрымала ад яго тумакоў і Святлана – не дала спісаць дамашняе заданне. Ужо пазней, калі яны заканчвалі васьмігодку, на камсамольскім сходзе абмяркоўвалі Дзімкавы паводзіны – з’явіўся на школьны вечар нецвярозым. Затым іх шляхі разышліся, толькі зрэдку сустракала Света свайго былога аднакласніка ў вясковым клубе. І амаль заўсёды – «пад мухай». Калі ўжо вучылася ў тэхнікуме, дачулася ад сябровак, што Дзіма служыць у Афганістане. Што гэта азначае, дзяўчына ўжо разумела…
Ён вярнуўся з арміі іншым, ужо зусім дарослым, памужнелым. Знешне змяніўся ў лепшы бок, і многія дзяўчаты з радасцю згаджаліся прайсціся з танцаў з такім хлопцам. І ён карыстаўся гэтым, заводзячы усё новыя і новыя раманы. Трэба сказаць, што армія, знешне моцна памяняўшы хлопца, не зрабіла яго дарослым і адказным. Па-ранейшаму выпіваў, і акружаючыя апраўдвалі гэта службай у гарачай кропцы…
– У тую навагоднюю ноч яны сустрэліся ў клубе. Святлана была з дзяўчатамі, Дзмітрый – у кампаніі сяброў і, як заўсёды, нецвярозы. Было шумна і весела ў святочнай таўкатні, хацелася нечага рамантычнага і казачнага. Святлана чакала, што менавіта ў гэту чароўную ноч ёй сустрэнецца той адзіны, які стане лёсам. Атрымалася ж, што дадому пайшла з п’яненькім Дзімкам. Ён ні то сур’ёзна, ні то ў жарт абняў яе і галосна сказаў:
– Ты, Светка, адна, я – таксама. Так і быць, падвяду ўжо цябе дадому.
І яна чамусьці згадзілася. Яны доўга хадзілі па вуліцы (дзяўчына ад холаду ўжо не адчувала ног), ён усё расказваў пра хлопцаў, з якімі служыў, пра лепшага сябра, якога страціў у адным з баёў. Гэта настолькі ўражвала! Вось ён , побач з ёй, Дзімка – чалавек, які ваяваў… Гэтымі дужымі рукамі, якімі абдымае яе, ён трымаў зброю, а гэтымі блакітнымі вачыма, што глядзяць так пяшчотна, бачыў ворагаў. Дзяўчыне стала вельмі прыемна, што «афганец» (так усе называлі хлопца) звярнуў на яе сваю ўвагу.
Іх адносіны развіваліся хутка. Ужо напрыканцы лютага Дзмітрый зрабіў Святлане прапанову. Сказаў так, што яна ў чарговы раз падумала: сур’ёзна ці жартуе? Таму і адказала гэтак жа:
– Што ж з табой, такім мужам, рабіць? Табе ўсё смешкі, гульні ды жарты…
– Знойдзем што рабіць. Як у той прыпеўцы будзе: ажаніўся дурны, узяў дурнаватую, не ведалі, што рабіць – падпалілі хату, – і, зарагатаўшы, дадаў: – Ты не крыўдуй, з песні слоў не выкінеш.
– Табе, Дзімачка, калі і жаніцца, дык толькі з бутэлькай, – дзяўчына вырашыла адплаціць хлопцу тым жа.
– Бутэлька – гэта ўсё дробязі… Несур’ёзна гэта, ад няма чаго рабіць. Будзе сям’я – усё будзе па-іншаму.
І яна паверыла. Не зважаючы на перасцярогі сяброў і бацькоў, апраўдваючы «папсаванымі нервамі» кожны чарговы выбрык Дзмітрыя, Святлана цярпліва чакала, калі яны стануць мужам і жонкай. І тады Дзіма абавязкова стане іншым – сур’ёзным, цвярозым, сямейным.
Адгулялі шумнае вяселле. Маладая сям’я зняла ў сталіцы кватэру. Святлана працавала на заводзе, Дзмітрый – на будоўлі. Толькі некалькі першых месяцаў замужжа падаліся жанчыне шчаслівымі: Дзіма сустракаў яе з працы, некалькі разоў купіў білеты ў кіно, а аднойчы нават прыгатаваў вячэру. Хацелася, каб так было заўсёды… Не атрымалася. Муж пачаў затрымлівацца на працы, хадзіў на нейкія хаўтуры ў выхадныя, а вынік быў заўсёды адзін – прыходзіў дадому п’яны. Святлана ўгаворвала, ушчувала, ён абяцаў, што больш такога не паўторыцца, а на другі дзень усё зноў паўтаралася. Так прайшло некалькі гадоў. У сям’і ўжо падрастала дачушка Верачка. Жылі ў інтэрнаце, які Святлана атрымала ад завода. Дзмітрый за гэты час ужо памяняў некалькі сталічных будаўнічых арганізацый, ніяк не мог прыжыцца ні ў адным калектыве. А то неяк сарваўся і з’ехаў у Расію на заработкі. «Прывязу грошай, на кааператыў будзе», – запэўніў жонку. Тая за апошнія капейкі сабрала яго ў дарогу, з надзеяй чакала… Вярнуўся муж месяцы праз два. Худы, пабіты, без капейкі ў кішэні і… п’яны. Нешта расказваў, што нарваўся на прахадзімцаў, якія трымалі яго ў халодным падвале і прымушалі працаваць за хлеб і ваду. Ледзь вырваўся…
Ужо тады Святлана наважвалася падаць на развод. Аднак у душы шкадавала мужа за тое, што яму выпала столькі перажыць у Афганістане. Пасля такога цяжка не зламацца… Верачцы мама тлумачыла недастойныя паводзіны бацькі менавіта гэтым: ён – воін-інтэрнацыяналіст, многае перажыў.
Аднойчы жанчыне прыйшла ў галаву заманлівая думка: чаму б не арганізаваць мужу сустрэчу з такімі ж, як і ён, «афганцамі». Ніколі не краналася гэтай тэмы, баючыся зрабіць яму балюча. Няхай паглядзіць, што многія з іх, нягледзячы на перажытае, дастойна жывуць у сем’ях, паважаюць і любяць сваіх родных. Столькі гадоў прайшло, а Дзіму ні разу не запрасілі на сустрэчу з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Жанчына набралася смеласці, пайшла ў ваенкамат. Сур’ёзны ваенком запрасіў яе ў кабінет, цярпліва выслухаў, пасля, крыху памаўчаўшы, сказаў:
– Я сам служыў у Афганістане, добра памятаю прозвішчы тых, каму выпала праз яго прайсці і хто жыве зараз у раёне… Думаю, ваш муж вялікі фантазёр… Гэта мякка сказана. Ён, прабачце, недастойны вас чалавек…
Гэта стала апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення. Святлана не стала высвятляць адносіны і тут жа падала на развод. Трэба сказаць, што Дзмітрыя гэта не вельмі здзівіла, ён быў, як кажуць, у сваім рэпертуары – піў і піў.
Прайшлі гады. Вырасла і паступіла на вучобу Верачка, Святлана па-ранейшаму працуе на заводзе. Пасля разводу яна адна. Пра былога мужа стараецца не ўзгадваць. Дзе ён? Хто ведае. Гэта ўжо адбалела. Самым цяжкім, прызнаецца, ва ўсёй гэтай жыццёвай драме было растлумачыць дачцэ, што яе бацька, як высветлілася, зусім не «афганец». Ён – іх памылка, крыўдная і непапраўная. Праўда, Святлана заўсёды агаворваецца, што, нягледзячы ні на што, яна ўдзячна свайму былому за адзінае шчасце – за Верачку.
Ірына БУДЗЬКО
Памылка
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ