Даволі часта, калі вы, паважаныя чытачы, звяртаецеся ў рэдакцыю, можна пачуць: «Хачу з вамі падзяліцца…» І так прыемна гэта чуць! Звычайна так звяртаюцца да самых блізкіх. Таму і ўспрымаюцца вашы радасці і трывогі, праблемы і дасягненні адпаведна – разам з вамі радуемся і смуткуем.
З вёскі Кузьмічы ў рэдакцыю прыйшло пісьмо ад пенсіянеркі Кацярыны Юльянаўны Кляпец. Вось што яна напісала: «Нядаўна ў госці да нас завіталі вілейскія артысты – цудоўны калектыў «Надзея» і яго кіраўнік Леанід Гайчук. Сустрэча прайшла ў доме Ірыны Васільеўны Шабан. Усе менш і менш жыхароў у вёсцы з кожным годам. Адзіным выратавальнікам ад адзіноты з’яўляецца сацыяльны работнік. Яна пагутарыць з кожным – і весялей становіцца на душы. Ды вось такія цудоўныя канцэрты, якія запамінаюцца надоўга. Артысты зачаравалі нас песнямі і вершамі, нібыта вярнулі нас у далёкі свет маладосці і радасці, напоўнілі душы светлымі пачуццямі. Хочацца ад шчырага сэрца падзякаваць усім, хто стварыў для нас гэта цудоўнае свята. А яшчэ мы жадаем ім моцнага здароўя, бадзёрага настрою і поспехаў у творчасці».
Да Дня абароны дзяцей своеасаблівы падарунак выхаванцам гарадскіх дзіцячых устаноў падрыхтавалі выхаванцы дзіцячай тэатральнай студыі «Балаганчык» Цэнтра эстэтычнага выхавання (на здымку) – яны пабывалі ў садках і пачатковай школе № 6 з праграмай «У свеце казак».
– Мы паказвалі дзеткам інсцэніроўку па казцы «Калабок», – расказала рэжысёр студыі Зоя Бабарыка. – Наш галоўны герой – Калабок, якога вучаць вельмі важнаму ў жыцці: мудрая Сава – чытаць, Братка Трус – лічыць… А адмоўныя героі – Ліса Аліса і Кот Базіліа – усё стараюцца з’есці Калабка. Ды добрыя сябры яго ратуюць. Трэба бачыць, як радасна прымаюць нас дзеці, як суперажываюць герою! Літаральна ўсюды, дзе мы былі, бачым радасна-зацікаўленыя дзіцячыя вачаняткі, і гэта сведчыць, што нас чакаюць. І яшчэ раз упэўніваемся, што робім патрэбную справу. «Прыязджайце яшчэ», – запрашалі на развітанне выхаванцы дзіцячых садкоў №№ 5,8,9, пачатковай школы № 6… Канешне ж, мы будзем сябраваць і надалей.
Неаднаразова ў рэдакцыю звярталіся з пасёлка Касманаўтаў. І абодва разы ўзгадваўся дом № 54 па вуліцы Валынца. У першым выпадку жыхары-пенсіянеры з гэтага дома падымалі пытанне прыбіральшчыка пад’ездаў. З пачатку бягучага года, расказалі, парадак у пад’ездах ужо наводзяць самі. Але ж грошы на ўтрыманне неіснуючага прыбіральшчыка, падзяліліся жыхары дома, у іх нібыта вылічваюць. Ці так гэта? Пытанне пенсіянеры адрасавалі ў газету, а мы накіроўваем яго ў жыллёва-камунальную службу і чакаем адказу. На днях зноў патэлефанавалі з гэтага мікрараёна і расказалі пра сапраўдны патоп у двары пасля дажджу. І зноў прагучала знаёмая – Валынца, 54…
Такія вось звароты нашых чытачоў паступілі ў рэдакцыю ў апошні час: і радасныя, і зусім не – жыццёвыя.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Зояй БАБАРЫКА





