Гледзячы на гэту маладую маму, міжволі ўсміхалася. І не толькі я. Урэшце, гэта заўсёды прыемна – бачыць жанчыну з дзіцем. Блакітнавокая, стройная, з густам апранутая прыгажуня і гэтакая ж маленькая лялечка – практычна маміна копія. Дзяўчынка, забаўна каверкаючы словы, нешта расказвала матулі, тая цярпліва адказвала, тлумачыла.
– Мама, там бабуля! – раптам малая паказала на жанчыну сярэдніх гадоў на другім баку вуліцы. – Хачу да бабулі!
– Лерачка! – гэта ўжо бабулін голас. – Унучачка!
Трэба было бачыць, як змянілася прыгожая маладзіца. Схапіўшы дачку за руку, моцна тузанула яе, адводзячы далей.
– Не падыходзь да яе! – як адрэзала маці.
А малышка заплакала.
Не ведаю, што за гісторыя паміж гэтымі людзьмі, хто, у чым і перад кім вінаваты. Толькі доўга не магла забыць словы маладой мамы і слёзы дзіцяці…
Ірына БУДЗЬКО
Не падыходзь да яе!
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


