Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Міхаіл ПЕТУХ: «Вандруйце, каб пазнаць сябе»

У далёкім 1857 годзе беларускі археолаг і этнограф Канстанцін Тышкевіч арганізаваў экспедыцыю па рацэ Вілія. Сабраны падчас вандроўкі матэрыял быў пасля апісаны ў манаграфіі «Вілія і яе берагі». Мінула сто пяцьдзясят год з таго часу, як граф Тышкевіч адплыў ад вёскі Камена ў Каўнас, і энтузіясты з Беларусі і Літвы вырашылі паўтарыць яго маршрут. Дванаццатага ліпеня вандроўнікі вярнуліся ўжо з шостага падарожжа. Пра сёлетнюю экспедыцыю – наша гаворка з яе арганізатарам Міхаілам Петухам.

– Міхаіл Мікалаевіч, успомніце, калі ласка, як усё распачыналася, і што змянілася за гэтыя шэсць год?
– Першая экспедыцыя адбылася ў 2007 годзе, але яе падрыхтоўка вялася на працягу чатырох год. А пачалося ўсё з таго, што наш знакаміты зямляк, краязнаўца Віталь Кастэнка падзяліўся сваімі планамі наконт падарожжа шляхам Тышкевіча. І гэта тэма пачала захапляць усё больш і больш людзей. Затым, за год да самой вандроўкі, мы сустрэліся з літоўцамі, якіх прывёў Аляксандр Зайцаў. І аказалася, літоўцы маюць вялікую зацікаўленасць да нашай гісторыі, да нашага краю, нашай Віліі. І мара ў нас аказалася адна – прайсці Вілію шляхам Тышкевіча. Пасля мы кожны год падтрымлівалі традыцыю, але сумесна з Літвой было толькі тры экспедыцыі. Падчас нашай першай вандроўкі мы жартавалі: «Цяпер будзем адмяраць час да экспедыцыі і пасля яе». Так, дарэчы, і атрымалася. Такой, як у першы год, масавасці, напэўна, ужо ніколі не будзе. Ды і немагчыма гэта паўтарыць.
– Як я разумею, удзельнікаў сёлетняй экспедыцыі было некалькі менш. Але хто яны – спецыялісты: гісторыкі, этнографы, краязнаўцы, альбо звычайныя аматары вандровак?
– Менавіта з Вілейкі стартавалі каля ста чалавек. Потым нехта адпадаў, а нехта наадварот далучаўся. Усё ж такі прыкладна сто пяцьдзясят чалавек прынялі ўдзел ў экспедыцыі. Недзе ёсць фотаздымак, зняты зверху, на ім сорак сем палатак, і гэта акрамя тых, хто дзесьці ў хмызнячку схаваўся ад ліпеньскай спёкі. А ўдзельнікі былі розныя. Гэта інжынеры, урачы, педагогі, рэжысёры, мастакі, школьнікі…
– Публіка, як кажуць, разнашэрсная. Як у вас атрымліваецца аб’яднаць такіх рознабаковых людзей у адну кагорту?І напэўна ж, з кожным годам да вас далучаюцца новыя людзі, не толькі пастаянныя ўдзельнікі экспедыцыі?
– Зразумела. Па-першае, людзі перадаюць адзін аднаму. Па-другое, мы размяшчаем звесткі ў інтэрнэце. І трэцяе – асабістыя знаёмствы людзей, шмат хто сплаўляецца з намі,так сказаць,за кампанію. Такім чынам і збіраецца каманда блізкіх па духу людзей. Гэта і аб’ядноўвае, а яшчэ – любоў да роднага краю і зацікаўленасць гісторыяй. І канешне, людзям падабаецца вандраваць. Хтосьці рашаецца на такое падарожжа ўпершыню, а больш вопытныя нават бяруць з сабой маленькіх дзетак.
– Наколькі я ведаю, самаму малодшаму ўдзельніку экспедыцыі – усяго паўтары гады?
– Так, але здаралася ў мінулыя гады, што бацькі бралі ў вандроўку нават меншых дзяцей. А наогул, ёсць такія звесткі-вынікі экспедыцыі, што падчас яе многія людзі знаходзілі сваю палову. Наша рака вельмі прыгожая, і ў той жа час яна нескладаная – даступная для ўсіх.
– Але ж, напэўна, нейкія азы патрэбна ведаць, мець пэўныя навыкі, каб адправіцца ў такое падарожжа?
– Галоўнае – быць адэкватным, і тады ўсё атрымаецца. Ніякіх праблем звычайна не ўзнікае, гэта ж не горная рака. А калі чалавек чагосьці і не ведае, на дапамогу заўжды прыйдуць больш вопытныя турысты. Адзінае, што на вялікі жаль, у нас яшчэ не распрацавана такая паслуга як пракат. Таму і сплаўляемся хто на байдарках, хто на плытах, хто на лодках… Хто што знойдзе – усё ідзе ў справу.
– Вы адправіліся ў экспедыцыю другога ліпеня. Раскажыце, калі ласка, пра маршрут. З яго, зразумела, не саб’ешся і нікуды з воднага шляху не звернеш, але прыпынкі можна зрабіць у розных месцах?
– Наша вандроўка сузіральная і адначасова пазнавальна-даследчая. Гэта і сустрэчы з цікавымі людзьмі, і пошукі нейкіх невядомых аб’ектаў, і розныя экскурсіі, якія можна назваць саматужнымі, бо ў ролі экскурсаводаў выступаюць аматары. І ў той жа час адбываецца прэзентацыя нашага раёна. Гэта ж вілейская экспедыцыя, мы яе ладзім, да нас прыязджаюць людзі, і такім чынам, Вілейшчына з году ў год становіцца ўсё больш знакамітая. Звычайна мы адпраўляліся ў падарожжа 5 чэрвеня, як гэта зрабіў і граф Тышкевіч. Але ў гэтым годзе нас папрасілі адплыць крыху пазней, каб урачыста аднесці гэту падзею да свята горада. Між тым, у мінулыя гады некаторыя настаўнікі казалі, што з задавальненнем далучыліся б да нас, але пачатак чэрвеня – гэта школа, экзамены, выпускныя.. І вось зладзілі падарожжа ў ліпені – настаўнікаў не прыбавілася… Што да маршруту, то першы наш прыпынак быў у Мамаях, зрабілі экскурсію ў Трапалава – вёску з трагічным лёсам. Яна была спалена карнікамі разам з жыхарамі, якіх потым пакідалі ў калодзеж. Далей усплывае тэма Першай сусветнай – гэта ўжо сутокі Віліі і Нарачанкі. У мінулыя гады наведвалі Гануту, але сёлета прапусцілі. Затым было Залессе – а гэта, па-першае, Агінскі, і па-другое, зноў жа тэма Першай сусветнай. Затым – возера Белае, на якім знаходзіцца помнік археалогіі – камень-асілак. Наведалі мы і аграсядзібу «Віта». Ведаеце, там сапраўды ёсць чаму павучыцца. Наведвальнікі там могуць і на коніку пакатацца, і з лука пастраляць, і сякерай памахаць, і ў гідракасцюме праплысці, і на байдарцы прайсціся, і шмат-шмат чаго яшчэ. Затым на нашым маршруце былі Жодзішкі, далей – цудоўнае месца Дубок, такі своеасаблівы аазіс прыгажосці. Там нібыта адкрываецца шырыня погляду, чалавек адпачывае душой і ў той жа час багацее духоўна. Сюды і сапраўды хочацца вяртацца зноў і зноў. Наогул нашай мэтай была Быстрыца на мяжы з Літвой, перад намі стаяла задача адшукаць і яшчэ раз схадзіць на Замкавую гару. І мы да яе дабраліся, дзякуй Астравецкаму райвыканкаму, які дапамог нам і даў аўтобус. А мясцовы краязнаўца, дарэчы,выхадзец з Вілейскага раёна, завёў нас на гару, правёў цудоўную экскурсію і паказаў новыя невядомыя аб’екты Першай сусветнай. А яшчэ ў тых краях уразіў музей птушак, там нейкі аматар зрабіў прыватны музей. Яшчэ школьнікам ён зацікавіўся гэтай справай, потым навучыўся рабіць чучалы. А калі іх сабралася больш за дзве сотні, на сваім двары пабудаваў хатку-музей для экспанатаў. Там наша экспедыцыя і завяршылася. Меліся плысці на Літву, але, на вялікі жаль, не атрымалася з візамі. І дванаццатага ліпеня мы вярнуліся ў Вілейку.
– Ведаю, падчас экспедыцыі вы нават арганізавалі нешта накшталт суботніка?
– Было такое. У Жодзішках у нас была запланавана «днёўка» – дзень адпачынку. А найлепшы адпачынак, гэта, як вядома, змена дзейнасці. У той мясцовасці ёсць скаладром. Не сапраўдны – такое штучнае збудаванне, некалі сюды былі прывезены камяні і зманціраваны. Але з цягам часу месца пачало зарастаць. А нам захацелася, каб з Віліі вандроўнікі бачылі гэту пабудову, таму што гэта сапраўды вельмі сур’ёзны аб’ект, адзіны такі ва ўсёй краіне. Быў атрыманы дазвол, і мы ачысцілі паласу, спілаваўшы некаторыя дрэвы і павысякаўшы хмызняк. Зрабілі вось такую добрую справу.
– Дзякуй вам, Міхаіл Мікалаевіч, за цікавую размову. Спадзяюся, што вам больш не прыйдзецца скардзіцца на недастатковую масавасць у наступным падарожжы. Дарэчы, ужо сёння вы можаце звярнуцца да патэнцыяльных удзельнікаў экспедыцыі «Шляхам Тышкевіча – 2013».
– Паважаныя чытачы, віляйчане, калі вы любіце свой край, паважаеце сваю гісторыю і цікавіцеся падарожжамі, далучайцеся, калі ласка. Вандруючы, вы пазнаеце шмат цікавага, а галоўнае – пазнаеце сябе.
Падрыхтавала Марына ПУЦЭЙКА, фота прадстаўлены  Міхаілам ПЕТУХАМ



Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries