Стварыць ляльку. Для гэтага трэба задзейнічаць шмат навыкаў: тут і вязанне, і шыццё, і роспіс па тканіне, упрыгожванне бісерам. Але Анастасія Міхайлава, якая стварае лялькі, лічыць, што ўсё залежыць ад настрою. Які эмацыянальны стан аўтара, такая атрымаецца і лялька. Як у той казцы пра панурага Урфіна Джуса, які як не хацеў, не мог стварыць усмешку на тварах сваіх лялек.
– Я і шыла, і вышывала, малявала, – расказвае мастачка, – нават казкі выдумляла, а потым гэта ўсё вырашыла рэалізаваць у ляльках.
Кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа лялькамі ўласнай вытворчасці захапляецца толькі першы год. Сёння за шклом шафы бліскучымі вачыма пазіраюць дваццаць «дзяцей». Малыя і вялікія, людзі і жывёлы, у народных касцюмах і ваеннай уніформе.
Лялька ствараецца са спецыяльнага пластыку, які спачатку лепіцца ў руках, а потым, калі набудзе патрэбную форму, застывае. Уборы Анастасія шые сама, прычым не па выкрайках, а «з галавы». Але пэўны час праводзіць у бібліятэках, шукаючы па энцыклапедыях неабходныя звесткі.
– Сын Ілля захапіўся камп’ютарнымі гульнямі, – расказвае мастачка, – я падгледзела на экране манітора персанажаў і так з’явіўся грозны эльф з лукам. Побач з ім бербер: афрыканец, што прадае ваду. Але перавагу ўсё ж аддаю персанажам Сярэдневечча.
Адна з першых лялек аўтара сёння ўсміхаецца дзецям у Чэхіі. Сябры выбіралі падарунак для дачкі і былі вельмі ўражаны тым, што робіць Анастасія. Некалькі лялек змянілі месца жыхарства і сёння засынаюць у ложках разам са сталічнымі дзеткамі.
– Яны – як людзі, усе розныя, – гледзячы на лялькі, разважае Міхайлава, – таму я адыходжу ад шаблонаў, і ў кожнай з іх свой характар і, магчыма, свая душа.
У планах аўтара на бліжэйшы месяц – зрабіць ляльку «Цар у санях». З металічнай павозкай абяцалі дапамагчы майстры вытворчага навучання каледжа. Потым Анастасія Міхайлава будзе ляпіць ляльку з дырэктара каледжа Ігара Кіцікава. Сам кіраўнік навучальнай установы творчы падыход сваёй супрацоўніцы ацэньвае станоўча:
– Калі гэта будзе на карысць вучэбнаму працэсу і нашы навучэнцы будуць займацца ў Анастасіі Міхайлаўны, буду толькі задаволены. Вось зараз збіраемся ўдзельнічаць у конкурсе «Беларуская лялька», які пройдзе ў Слуцку. Усё толькі пачынаецца.
Анатоль ЗАНКАВІЧ, фота аўтара