Працоўны тыдзень амаль закончаны. Зараз бы сядзець дома на канапе, чытаць добрую кнігу ці маляваць, а трэба гаварыць, і пра што: усё пра адно і тое. Эдуард Уладзіміравіч устае, каб пацішыць радыё, а потым, усміхаючыся, кажа: “Запытвай”. У маёй галаве блытаюцца пытанні: дзе нарадзіўся, як рос? Не ведаю, з чаго пачаць, як раптам бачу за яго спінай карціну. Пазней я дазналася, што называецца яна “Гуканне вясны”, а адразу захацелася апынуцца там унутры рамкі, стаць непадзельнай часткай мастацкага твора.
Мы доўга размаўлялі, а калі дома села за працу, то зразумела: адказаў на задуманыя пытанні няма. Гаворка ішла пра тую карціну: кожны выказваў свае пачуцці, прыводзіў доказы, а потым я ўважліва паслухала сюжэтную задуму аўтара, якая так мяне кранула. Я хачу падзяліцца гэтым і з вамі. Прыйшоў час перавесці пачутае на паперу. Аказалася, што гэта не проста прыгожы пейзаж. Праз вобразы і прыроду аўтар выражае сувязь нашай рэчаіснасці з мінулым. Уздымае праблемы бацькоў і дзяцей, выхавання моладзі, такія актуальныя ў наш час. Жадае паказаць, што часам надта імкнёмся да сучаснага, забываючыся на тое, чым жылі нашы дзяды і прадзеды, у што веравалі. Нас нярэдка падкупляе знешні бляск, і мы, нібыта зачарованыя ім, не заўважаем галоўнага. Старадаўнія традыцыі і звычаі, якімі даражылі нашы бабулі, але толькі не мы, у наш час змяняюцца так, што нават не пазнаць. На вялікі жаль, мы не разумеем, што гінем ад таго, што не паважаем сябе. Мастак удала перадаў свой настрой у рабоце і захаваў яго для астатніх. Цяпер карціна жыве сваім жыццём, у яе свой лёс.
Сустрэча атрымалася сардэчнай, я духоўна ўзбагацілася, атрымала такі зарад энергіі, што магу падзяліцца з кожным. І сабе крыху пакіну.
Вераніка КУДРЫНЕЦКАЯ. Фота аўтара
Карціна жыве сваім жыццём, у яе свой лёс
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ




