Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі ёсць пра каго клапаціцца…

Першы дзень кастрычніка – знамянальны дзень для кожнага з нас. Бо пажылыя людзі ёсць у кожнай сям’і. І заўсёды будуць. Як адчуваюць сябе яны, людзі ва ўзросце жыццёвай восені, сярод сваіх дзяцей, унукаў? А то і адны, маючы ў сяброўках хіба што толькі адзіноту?

Веры Барысаўне ўжо далёка за семдзясят. А ў памяці яшчэ не сцёрліся словы калег, калі яна выходзіла на заслужаны адпачынак: «Дзякуй за сумленную працу – і ўсяго найлепшага». І жанчына засталася зусім адна. У сваёй акуратнай аднапакаёўцы шукала сабе хоць нейкую замену працы – і не знаходзіла. Вышываць? Вязаць? Для каго – ні дзяцей, ні ўнукаў няма. Чытала, дні напралёт глядзела тэлевізар – і адчувала, што губляе сэнс жыцця. Лавіла сябе на думцы, што ўсе ўспаміны ў яе пра той час, калі яе паважалі, цанілі на працы. І тады Вера Барысаўна, яшчэ маладая пенсіянерка, зразумела, што прыйшоў час займацца нечым новым. Надакучыла жыць толькі для сябе. Тады і ўладкавалася працаваць гандлёвым работнікам да індывідуальнага прадпрымальніка. Суседзі пасмейваліся, маўляў, няўжо адной не хапае пенсіі? А яна і не тлумачыла, што ёй проста было весялей сярод людзей.

Аднойчы да яе кіёска падышла немаладая жанчына, усё аблічча якой без слоў гаварыла, што жанчыне вельмі цяжка жыць. Разгаварыліся. І высветлілася, што яны аднагодкі. Толькі вось у Марыі Мікалаеўны, так звалі жанчыну, было гора – на яе руках было двое ўнукаў, якія засталіся пасля смерці дачкі.

Жанчыны пасябравалі. Спачатку сустракаліся ў краме. Пазней пачалі заходзіць адна да адной у госці. Так Вера Барысаўна пазнаёмілася з дзвюма цудоўнымі дзяўчынкамі, якія спадабаліся ёй адразу… Праз пэўны час жанчына зразумела, што ў яе з’явіліся блізкія людзі, пра якіх хочацца клапоціцца, якім хочацца дапамагаць.

Прайшлі гады. Дзяўчынкі выраслі, сталі самастойнымі. Марыя Мікалаеўна паспела яшчэ ўбачыць іх дарослымі і шчаслівымі. Тры гады назад бабулі не стала, і Вера Барысаўна цяжка перажывала страту лепшай сяброўкі. Але ў яе засталіся цудоўныя ўнучкі, якія не пакідаюць, клапоцяцца пра яе і ласкава называюць бабуляй. І яна гэтым жыве.

Ці можа старасць быць шчаслівай? Мне здаецца, яна можа быць або адзінокай, або захінутай ласкай блізкіх ад усіх бедаў і непрыемнасцяў знешняга свету. Ужо болей дзясятка гадоў мая гераіня не адна, у яе ёсць унучкі, а нядаўна з’явіўся і праўнук. І менавіта гэта лічыць немаладая жанчына самым важным і галоўным дасягненнем свайго жыцця. Дык можа гэта і ёсць шчасце – калі ведаеш, што не адна, калі ёсць пра каго клапаціцца?

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries