Пік лета. Спякота. «Ну і надакучыла, – выціраючы пот, кажуць некаторыя. – Колькі ўжо будзе так пячы!» Дзіўныя істоты мы, людзі. Яшчэ зусім нядаўна скардзіліся на не па-летняму халаднаватыя дні і ночы, а цяпер вось наракаем на спякоту. Паспрабуй тут дагадзі…. А між тым, у прыроды, як спяваецца ў той песні, няма дрэннага надвор’я. Вось і ліпеньская гарачыня – з’ява ўвогуле звыклая. Лета ж на дварэ.
Як бы там ні было, а ў такія дні хочацца схавацца недзе ў цяньку. Хоць, праўда, не ўсім. Варта праехаць да вадасховішча, да рэчак і ўпэўнішся, што ляжаць у халадку імкнецца далёка не кожны. Не зважаючы на перасцярогу медыкаў (маўляў, сонечныя ванны карысна прымаць толькі ўранні і ўвечары) шакаладныя ад загару людзі самых розных узростаў плёскаюцца ў вадзе цэлы дзень. – Яшчэ ў мінулым годзе запланавалі з жонкай паехаць у Крым, – расказвае віляйчанін Сяргей. – Не атрымалася па вядомай прычыне. Адкладзеныя грошы патрацілі на абновы сабе і дзецям, а загараем дома. Вось і гэтыя выхадныя поўнасцю прысвяцілі адпачынку – тыдзень быў напружаны, трэба набрацца сіл на будучы. – А мы прыехалі сюды, да вадасховішча, з Чысці, – уступілі ў размову загарэлыя хлопцы. – Амаль штовыхадныя тут. Мы яшчэ і рыбакі заўзятыя, праўда, больш любім зімовую рыбалку. Цікава. А цяпер проста добры адпачынак на прыродзе. Мы тут з палаткай, на ўсе выхадныя. А што ж тыя, хто ў гэтыя спякотныя дні застаўся ў горадзе? Многія ў першай палове выхаднога спяшаюцца на гарадскі рынак. Канешне ж, каб нешта тут прыдбаць, хоць нельга адмаўляць і іншае: каб проста прайсціся па цяністых алеях парка, пасядзець на лаўцы, сустрэцца са знаёмымі. Тут так хораша, у парку! Ажыўлены і шматлюдны ў першай палове дня, пад вечар ён становіцца ціхім. І гэта якраз той час, каб пасядзець у адзіноце і падумаць. А яшчэ пакатаць тут каляску з немаўляткам. Так соладка яму спіцца на свежым паветры… Або пасядзець і пасакрэтнічаць, як гэтыя дзяўчынкі-весялушкі, на лаўцы насупраць, што нешта шэпчуцца і хіхікаюць, азіраючыся на рэдкіх прахожых. А ля фантана па плошчы смех і піскі: разамлелыя на спякоце дзеці залезлі ў яго з нагамі, апырскаліся з ног да галавы і, узбадзёрыўшыся ад такога «душа», весела пабеглі па вуліцы. Дзяўчынка гадоў сямі, што сядзела і задумлена глядзела на фантан, правяла іх позіркам і зноў загледзелася на бела-пенныя слупы вады, што ўзляталі ўверх – і, рассыпаючыся, падалі зноў. Дзяўчынка апусціла рукі ў ваду. – Што, горача? – запытала ў яе. – Не-а, добра, – адказала яна. – І прыгожа. Ёсць сярод віляйчан і такія, для каго выхадны не выхадны, калі не пабывае ў лесе. Хто – за грыбамі, хто – за ягадамі, а хто проста любіць пахадзіць па знаёмых лясных сцежках, падыхаць гаючым паветрам. Адна з такіх – віляйчанка Марына. Вось і цяпер, нягледзячы на спякоту, не прамінае, каб не з’ездзіць у чарніцы. Ягады ўжо вызбіралі, але жанчына ні разу не вярталася з пустым вядзерцам. – Мае мяне дачакаюцца, – кажа з аптымізмам. – Затое такія смачныя цяпер, салодкія… Для Яўгеніі, жанчыны сярэдніх гадоў, найлепшы адпачынак у выхадныя – пакорпацца ў агародзе. Нічога сабе адпачынак, скажа нехта. Згодна, не кожнаму прыносіць асалоду гэтая справа. – А я так люблю свой агарод! – прызнаецца Яўгенія. – Мне тут неяк спакойна на душы, забываецца пра ўсё дрэннае. Люблю эксперыментаваць і з агароднінай, і з кветкамі. Пасадзіла вось у адной пасудзіне петуніі і геаргіны – прыгожы букет атрымаўся. А яшчэ сёлета вырашыла парадаваць дзяцей сваім кавуном. Вунь расце, наліваецца сокам мой паласацік. Цікава, ці смачным будзе? Перадыхнула крышку – і зноў за свой агарод: палоць, паліваць, здымаць ураджай і проста адпачываць душой. Ірына БУДЗЬКО. На здымках: ля фантана; на вадасховішчы; плён працы агародніцы. Фота аўтара


