Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

І вось аднойчы зусім дрэнна стала майму знаёмаму…

Адзін мой знаёмы, назавём яго Славік, вельмі быў нераўнадушны да гарэлкі. Чалавек сямейны, меў жонку настаўніцу, дзвюх дачок і добрую хату. Працаваў у калгасе трактарыстам. Наогул старанны і безадказны быў чалавек, часта і суседзям дапамагаў, а тыя гарэлкай дзякавалі. Так Славік і спіўся.
Як толькі не змагаліся родныя з такой невыноснай цягай: і ўпрошвалі, і страшылі, але нічога не дапамагала, і, як кажуць, чым далей у лес, тым болей дроў. Пачаліся ў Славіка эпілептыформныя прыпадкі. Як пацягне бутэльку-другую, так на наступны дзень і паваліцца дзе-небудзь. Хвароба гэта сур’ёзная, з яе прычыны хутка Славік беспрацоўным стаў. З той нагоды цяга да гарэлкі толькі мацнела.
І вось аднойчы зусім дрэнна стала майму знаёмаму. Прыйшлося жонцы выклікаць «хуткую дапамогу», завезлі хворага ў абласную бальніцу. Пачалі абследаваць ды рыхтаваць да аперацыі. А жонка ж дала Славіку грошы, каб купіў сабе што ў краме – хто яго ведае, як у бальніцы карміць будуць. Але таму Славіку есці не трэба – арганізм патрабуе толькі гарэлкі. Вось, як прыйдзецца, бяжыць гэты «артыст» у краму, а потым – лячыцца ў бальніцу.
Прачынаецца неяк Славік і пад падушку: няма грошай! І давай на суседзяў па палаце кідацца, аднаго нават біць стаў. Крычыць на ўсю бальніцу: «Аддайце грошы! А то заб’ю!». Скруцілі «хворага» і павезлі ў Навінкі. А там жа ўсё па-іншаму… Адным словам, уставілі мазгі.
Вярнуўся Славік дахаты. Не пазнаюць яго суседзі: «Глядзі ж ты, як чалавек змяніўся. Не п’е, па гаспадарцы жонцы дапамагае, платы адрамантаваў, у хлявах парадкі панаводзіў і сам папрыгажэў – чалавекам стаў!» А праз два месяцы ўладкаваўся Славік на працу, і жыццё насамрэч змянілася. А ў чарку на свята ён цяпер толькі штосьці салодкае і шыпучае налівае – «Сняжок», напрыклад…
Вольга БЯЛЯЎСКАЯ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries