Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Гісторыя самай старэйшай школы горада

Гісторыя самай старэйшай школы горада пачынае свой летапіс з 1944 года, з моманту, калі наш горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта з першых дзён вызвалення пачалася нялёгкая праца па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў горадзе, а крыху пазней і раёне. Гэта, калі не лічыць гісторыю адукацыі Вілейшчыны ў перыяд Расійскай імперыі і Польскай дзяржавы. Невялічкі адрэзак часу, калі пасля 17 верасня 1939 года Вілейскі раён далучылі да БССР і была ўтворана Вілейская вобласць, можна лічыць стварэннем першай савецкай Вілейскай сярэдняй школы. Але ўжо праз паўтары гады пачалася Вялікая Айчынная і ўсе напрацоўкі і планы ў адзін дзень былі перакрэслены.

Ужо ў першым пасляваенным 1944 – 1945 навучальным годзе ў Вілейцы дзейнічалі дзве школы – беларуская № 1 і руская № 2. Дзяленне было даволі ўмоўным, бо большасць настаўнікаў былі агульнымі, агульным быў і будынак – былая польская гімназія, зараз цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па вуліцы Савецкай. Спачатку дзяцей было не шмат, потым насельніцтва пачало вяртацца з лясоў, вёсак і праз пэўны час у двух школах навучалася ўжо 459 дзяцей, вучыліся ў тры змены. Канешне, не хапала нават самага неабходнага для навучальнага працэса – ні падручнікаў, ні сшыткаў, ні алоўкаў. Па гэтай прычыне памяшканне школы не ўдалося падрыхтаваць да 1 верасня 1944 года і таму заняткі пачаліся толькі 1 кастрычніка 1944 года.

Беларуская сярэдняя школа № 1 – гэта і ёсць сённяшняя сярэдняя школа № 1. Яна пачынала сваю навучальную дзейнасць у будынку былой польскай гімназіі, бо тая не была разбурана. У 1946 годзе сярэдняя школа № 1 была пераведзена ў будынак па вуліцы 17 Верасня (зараз Вілейская школа-інтэрнат), а ў 1962 годзе быў пабудаваны новы будынак па вуліцы Вадап’янава, 74.

Сваімі ўспамінамі пра першы пасляваенны 1944 – 1945 навучальны год сярэдняй школы № 1 падзялілася з намі старэйшы ветэран гэтай школы, настаўніца, якая прыступіла да працы менавіта ў 1944 годзе Мількота Кацярына Анатольеўна.

– Нарадзілася я ў 1925 годзе ў г. Вічуга Іванаўскай вобласці. У 1944 годзе, у чэрвені месяцы, скончыла Вічугскае педвучылішча і была накіравана па камсамольскай пуцёўцы ў вызваленыя ад нямецкай акупацыі раёны Заходняй Беларусі. Разам са мной прыехалі яшчэ тры камсамолкі-настаўніцы Лізавета Камарова, Ніна Кручкова і Клаўдзія Малчанава. Ехалі ў Беларусь з Расіі два тыдні, хоць зараз можна даехаць за адны суткі. Цягнікоў ні пасажырскіх, ні таварных яшчэ не хадзіла, бо былі разбураны ўсе дарогі. Вось па меры іх аднаўлення і рухаліся толькі ваенныя эшалоны, якія і аднаўлялі дарогі. Усе вакзалы і блізкія да іх вёскі і гарады былі разбураны або спаленыя. Ехалі па накірунку: Іванава – Яраслаўль – Невель – Орша – Мінск. Прыбылі ў паўразбураны Мінск. Знайшлі міністэрства адукацыі і былі накіраваны ў г. Вілейку.

Вілейка была вызвалена 3 ліпеня 1944 года, а мы прыехалі 20 жніўня 1944 года. Горад быў пусты, амаль увесь разбураны і спалены. На фоне цудоўнай прыроды і добрага жнівеньскага надвор’я вылучалася толькі турма (цяпер анкадыспансер) і бальніца (стары будынак). Людзей у горадзе амаль не было. Знайшлі адзін ацалелы будынак, барак (аднапавярховы) па вуліцы Вадап’янава. Вось там і засядаў урад горада: загадчык гарана – Альфер Аляксандр Уладзіміравіч і выконваючы абавязкі дырэктара школы Картэль Васіль Сілавіч. На працу нас прынялі, але жыллё не прадаставілі. Мы і начавалі ў гэтым бараку, у другой яго палове на падлозе. А так як у горадзе яшчэ не было ні крам, ні базару, купіць харчаванне,ці хаця б хлеба, не было дзе, то і гатавалі на вогнішчы поліўку з гародніны, з таго, што знайшлі на пажарышчы, без хлеба і солі. Паступова ў горад вярталіся з эвакуацыі, з партызанскіх лагераў, з лясоў і вёсак людзі. З’явілася і начальства: гарсавет, гаркам партыі і іншыя ўстановы. Пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі, у асноўным метадам народнай будоўлі. На шчасце, для школы знайшоўся будынак былой польскай гімназіі, што выкарыстоўваўся ў час вайны як нямецкі штаб. Яшчэ гады два каля школы знаходзіліся бункеры, зямлянкі, у якіх жылі потым школьныя прыбіральшчыцы. Школу падрыхтавалі для адкрыцця і прыняцця дзяцей толькі ў кастрычніку. Сіламі грамадскасці, настаўнікаў і бацькоў удалося нешта зрабіць. Замест парт – спехам пазбіваныя з дошак сталы і доўгія лавы на 7 чалавек. Ні падручнікаў, ні сшыткаў у вучняў не было. Падручнік толькі ў настаўніка. Была класная дошка (засталася ад гімназіі) ды кавалак крэйды. У першыя навучальныя дні дзяцей было мала. Па 5-7-10 чалавек у класе. Настаўнікаў было таксама чалавек 10. Прыйшлося нам весці і гісторыю, і батаніку, і астатнія прадметы. Дзеці пісалі на абрыўках брашур, кніг, шпалер. Пісалі алоўкамі, якіх таксама не хапала ўсім. Доўга яшчэ (гадоў 5-6) школа пакутавала ад недахопу навучальных прыналежнасцяў і ўсяго іншага. Палову школы дабудавалі бацькі, старшакласнікі і самі настаўнікі. І вось у дабудаваным спартзале ў Новы 1945 год паставілі для дзяцей ёлку. Прыгажуню з лесу аздаблялі чым маглі: папяровымі гірляндамі, ліхтарыкамі, хлапушкамі і 1 кілаграмам цукерак. Да цукерак ніхто не меў права дакрануцца. Гэта Дзед Мароз дарыў адну цукерку выступоўцу на навагоднім канцэрце. Потым вадзілі карагоды, спявалі песні, танцавалі. Радасці, шчасця не было канца. Дзеці вельмі засумавалі па гульнях, цацкам за гэтыя тры-чатыры гады вайны. А навагоднімі падарункамі ад Дзеда Мароза былі абаранкі, па адной на кожнага. І гэта было шчасце.

9 мая (Дзень Перамогі) школа адзначыла ўрачыста. Кароткі даклад, імправізаваны канцэрт. Далей усе пайшлі ў гарадскі парк, дзе адбыўся мітынг. Музыка, песні, танцы, радасці людзей не было межаў. Людзі абдымаліся, цалаваліся, плакалі ад радасці. Вілейка зажыла па-новаму. Я жыву ў Вілейцы 70 гадоў. І Беларусь – гэта мая другая Радзіма.

– Вялікі Вам дзякуй, Кацярына Анатольеўна. Увесь калектыў школы і рэдакцыя газеты віншуюць Вас з Днём настаўніка і жадаюць моцнага здароўя і шчасця.

***

Час імкліва бяжыць наперад і сярэдняя школа № 1 з кожным годам, дзякуючы кожнаму з кіраўнікоў установы, настаўніцкаму калектыву, павышала якасць навучання і выхавання дзяцей. Кожны вучань школы, кожны выпускнік, а сярод іх безліч знакамітых людзей, якія складаюць гонар нашай дзяржавы, адчувалі і адчуваюць у гэтых сценах магчымасць сваёй рэалізацыі і праяўлення сваіх здольнасцей.

На сёння школу ўзначальвае актыўны і вельмі мэтанакіраваны кіраўнік – Крышкоўская Іна Віктараўна, якая ўжо дваццаць пяць год працуе на педагагічнай ніве, і ўжо тры гады знаходзіцца на пасадзе дырэктара школы. Мы пагутарылі з Інай Віктараўнай на пярэдадні свята.

Адміністрацыя СШ № 1

– Тры гады… Многа гэта ці мала? У Вас багаты педагагічны вопыт і як педагог Вы цалкам адбыліся, а вось як кіраўнік?

– Сапраўды. У жніўні 2013 года мне быў аказаны давер – я стала дырэктарам сярэдняй школы № 1 г. Вілейкі. Я ведаю, што многія дырэктары школ адчувалі тыя ж пачуцці, што і я ў той момант. Тады мне здавалася, што вось пачынаецца нешта грандыёзнае ў маім жыцці, што лёс дае мне шанец стварыць такую школу, дзе будзе камфортна ўсім – і вучням, і іх бацькам, і настаўнікам. Першы дзень у зусім новым, даручаным менавіта мне калектыве… было бязмернае хваляванне. Хто я для гэтага калектыву? Кіраўнік? Бос?

Але па прыродзе я – лідар… А лідарства – гэта адказнасць, перш за тых людзей, з якімі працуеш, а асаблівая адказнасць за тое, што збіраешся зрабіць.

Як малады дырэктар, я выбіраю стратэгію канструявання: выхаваўчага асяроддзя, адукацыйнага працэсу, інфармацыйнай прасторы, інклюзіі і здароўезберажэння.

Выбіраю стратэгію поспеху. Існуе меркаванне, што шчасце прыходзіць да таго, хто дасягнуў поспеху. А мы хочам сам шлях да поспеху зрабіць шчаслівым. Бо шчаслівы чалавек працуе на 31% больш эфектыўна чалавека ў дрэнным, трывожным стане.

Любы шлях пачынаецца з першага кроку. Трэба разумець, што школа – гэта пэўны адрэзак жыцця для вучняў, які павінен быць пражыты плённа, цікава, годна. А для настаўнікаў школа павінна стаць не проста працай, але і магчымасцю самарэалізацыі, што прыносіць задавальненне. Самым галоўным прынцыпам сваёй працы я вызначыла свабоду выбару як для настаўнікаў, так для вучняў і іх бацькоў. І гэта не проста словы…

– За гады гісторыі школы было адзінаццаць дырэктараў школы, адзінаццаць лёсаў і стыляў кіраўніцтва. Кожны ўклаў сваю часціцу душы ў развіццё школы. Па Вашаму меркаванню, вельмі важна захоўваць і прымнажаць традыцыі.

– Безумоўна. Менавіта для гэтага мы расшырылі і перааформілі музей гісторыі школы. Прасторная і прамяністая зала, у якой схаваны сакрамэнт сямідзесяці двух навучальных годоў. Тут, як быццам, можна пачуць гукі музыкі ў выкананні Дзяржаўнага народнага ансамбля імя Жыновіча, якім кіруе наш выпускнік 1956 года Мікалай Казінец. Знакамітыя выпускнікі нашай школы – наш гонар, як і ўсёй нашай Рэспублікі, сярод іх выдатныя дзеячы мастацтва, навукі, медыцыны. Першая школа павінна быць першай! Я з павагай стаўлюся да ўсяго, што было напрацавана маімі папярэднікамі. І захоўваю галоўнае для любога кіраўніка – гэта добрасумленнасць і працавітасць, добразычлівасць і шчырасць, давер і любоў да дзяцей, калег і бацькоў.

– Зараз у бюджэтнай сферы актыўна, для паляпшэння ўмоў працы, выкарыстоўваецца гаспадарчы спосаб, які імкліва ўварваўся і ў вашу ўстанову.

– Менавіта так. Гэта вялікая справа, дзякуючы тым сродкам, што выдзялюць на гаспадарчы спосаб мы робім нашу ўстанову больш утульнай і сучаснай для нашых навучэнцаў. Мы былі настроены на пазітыў ва ўсім і ў дызайне інтэр’еру памяшканняў, і рэкрэацыі класаў, і ў «выбудоўванні» камфортных узаемаадносін педагогаў, вучняў і іх бацькоў. Таму ўсе складанасці гаспадарчага спосаба сталі тым падмуркам, што згуртавалі ўвесь школьны калектыў і сфарміравалі новы імідж сярэдняй школы № 1 г. Вілейкі. У выніку спрацавалі ўсе на выдатна і мы былі шчаслівыя ў працэсе дасягнення поспеху!

Калектыў школы № 1 – гэта адно цэлае, каманда, якую нельга як адну галінку зламаць, бо мы ўсе разам. Так, не магчыма зламаць і венік, калі яго не раскідаць па асобных галінках. Напрыклад, у адзін з дзён я папрасіла калег выйсці на добраўпарадкаванне тэрыторыі школьнага двара. І наколькі было хвалююча прыемна, калі я ўбачыла ў двары ўвесь калектыў, прыйшлі нават бацькі, якія даведаліся пра акцыю. Я адвяла вочы ўбок… і зразумела, што вось гэты “венік” ужо ніхто не пераломіць…

– Галоўнае прызначэнне школы – гэта забеспячэнне якасці адукацыі. Якія інавацыі выкарыстоўваюцца ў Вашай школе, чым можна ганарыцца і падзяліцца з іншымі.

– Галоўны прыярытэт нашай адукацыі – пераход ад трансляцыі ведаў да сумеснага з настаўнікам пошуку іх сэнсу і каштоўнасці. Гэта кампетэнтнасны падыход, які прадугледжвае выкарыстанне набытых ведаў у рэальных жыццёвых сітуацыях, навучанне старшакласнікаў у адпаведнасці з прафесійнымі інтарэсамі і намерамі. Выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, мы не толькі па-іншаму будуем заняткі ў класе, мы ўмацоўваем непасрэдна чалавечы фактар, я б сказала, у пяць ці нават дзесяць разоў. У нас выдатныя дзеці, якія становяцца, дзякуючы клапатлiвай працы настаўнiкаў, пераможцамі конкурсаў, прадметных алімпіяд, спартыўных спаборнiцтваў.

У час перапынку ў СШ № 1

Наш наступны крок – дапамагчы вучням пазнаць сябе, раскрыць свае здольнасці і таленты, зацікавіць іх дзіўным і разнастайным светам прафесій. Нам пашанцавала ў тым плане, што школа глядзіць вокны ў вокны з Вілейскім дзяржаўным каледжам, таму ўзнікла ідэя аб стварэнні факультатыва дапрофільнай падрыхтоўкі на базе каледжа. Гэта ідэя паспяхова ўвасабляецца ў жыццё. Самае галоўнае – дзеці атрымалі магчымасць знайсці тое, што ім па душы. А ў бацькоў знік міф, што прафтэх – для тых, у каго няма іншай дарогі. Вучнi нашай школы кожную суботу ў мінулым навучальным годзе наведвалi заняткі каледжа па розных спецыяльнасцях, і адпаведна яны маглі самі для сябе вырашыць, што ім падабаецца, а што не. Гэта вельмі важна. Спадзяюся, што такая практыка будзе працягвацца.

– У Вашай школе рэалізуюцца вельмі паспяхова розныя праекты. Раскажыце больш падрабязна пра іх?

– У 2014 – 2015 гадах мы рэалізоўвалі абласны педагагічны праект па правядзенні шостага школьнага дня «Узаемадзеянне педагогаў, вучняў і бацькоў у фарміраванні здаровага ладу жыцця». У школе традыцыйна праводзяцца тэматычныя тыдні: адзін тыдзень мы гаворым пра прафілактыку п’янства, другі – пра пытанні наркаманіі, трэці – пра здароўе і г.д. Але словы не дадаюць здароўя і не пазбаўляюць ад шкодных звычак. Таму галоўны наш накірунак – увядзенне ў паўсядзённую практыку здароўезберагальных тэхналогій і аздараўленчых методык карэкцыі і ўмацавання здароўя не толькі ў вучняў, але і ў членаў калектыву, бацькоў. Першыя крокі да гэтага – дні валейбола, арганізацыя танцавальных перапынкаў, сумесныя святы, тыдні правільнага харчавання, паходы выхаднога дня і шмат чаго іншага.

Сёння мы робім першыя крокі на шляху да інклюзіўнай адукацыі. У нашай установе вучацца дзеці розныя. У іх рознае развіццё, розныя магчымасці і патрэбы. Розныя нацыянальнасці: беларусы, рускія, украінцы, амерыканцы, туркі, армяне, таджыкі… Мы імкнёмся да павагі права кожнага дзіцяці быць пачутым, нават калі «галасы» дзяцей гучаць па-рознаму.

У 2016 – 2017 гадах рэалізуецца і будзе працягвацца новы праект – «Фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове арганізацыі валанцёрскай дзейнасці». Гэта новы і цікавы праект, падчас якога нашы вучні выступаюць у якасці валанцёраў, дапамагаючы ветэранам, састарэлым, людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

– Вялікі дзякуй, Іна Віктараўна. Мы віншуем Вас і ўвесь калектыў школы разам з яго ветэранамі і выпускнікамі з Днём настаўніка, і жадаем шчасця, плёну ў працы, новых задум і здзяйсненняў, перамог вучняў на розных конкурсах і самае галоўнае крочыць па тым маршруце шчасця са сваім калектывам, які Вы акрэслілі для сябе. Са Святам!

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 47 queries