Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Элегія» на Вілейскай сцэне

Гармонія мелодыі, слоў, фарбаў сцэны, дзе на чорным раялі – ружовыя півоні – гэта ўсё «Элегія». Скрыпка, гітара, немудрагелістая песня. Немудрагелістая ў сэнсе яе лёгкасці, нейкай асаблівай бязважкасці. Нібы ступае па аблоках казачная прынцэса, раняючы на зямлю слёзы ціхага смутку альбо стоенай радасці. «Элегія» – паэтычны жанр, народжаны ў глыбіні мінулых вякоў. Яго выпакутаванымі радкамі пазначана творчасць усіх знакамітых валадароў пяра. Ён жа даў назву народнаму калектыву аўтарскай песні Вілейскага Палаца культуры. «Элегія» запрасіла ў мінулы чацвер гледачоў на творчую сустрэчу і падаравала незабыўную духоўную радасць. Такая, бывае, наведвае чалавека ў хвіліны святой малітвы альбо шчырай споведзі перад уласным сумленнем.
О, научи меня, Боже,
Не переспорить глупца.
О, помоги же мне, Боже,
Крест донести до конца.
«Малітва» і прагучала са сцэны ў выкананні Таццяны Захарыч, кіраўніка творчага калектыву і аўтара музыкі на словы Аліны Лігастаевай. Клавішы чорнага раяля, з адлюстраваннем абрысаў ружовых суквеццяў, падуладныя лёгкаму крананню жаночых рук, чуйна лавілі іх духоўную энергетыку, тактоўна, не ва ўрон сэнсу радка, нараджаючы мелодыю гукаў.
Скрыпка – Аксана Жук. (Так звычайна прадстаўляюць выканаўцаў). Пасля першых узлётаў смычка над мілагучнымі струнамі, зала ўтрапёна прыціхла, разумеючы, што на сцэне музычны вобраз стварае сапраўдны майстра-віртуоз. Як сюжэт жывапіснага твору ярчэй ззяе пры адпаведным яго абрамленнні, так і “Паланэз” Віняпскага набыў асабліва каларытнае гучанне на фоне мастацкага слова: «Пад кволым дотыкам смычка мелодыя ўсплывае хваляй. Дрыжыць худзенькая рука, бо гукі думкі ўсхвалявалі…» Верш Уладзіміра Цануніна ў выкананні Валянціны Цітовіч падрыхтаваў гледачоў менавіта да вобразнага ўспрыняцця мелодыі. Суправаджэнне аўтарскай песні – арганічнае, ненавязлівае, з поспехам практыкуе «Элегія», ствараючы на сцэне харэаграфічныя замалёўкі, а самі танцоры – каларытныя, усе ў вобразе, натхнёныя ідэяй творчага супрацоўніцтва. Яно адпавядае галоўнаму накірунку «Элегіі» – папулярызацыі паэтычнага слова. Так трактуе творчую мэту мастацкага калектыву яго кіраўнік Таццяна Захарыч.
Яркімі штрыхамі ўпісаўся ў шматколерную канву канцэрта далікатны, тонкі гумар Уладзіміра Цануніна. І калі скрыпку называюць душой музыкі, то гітару, напэўна, можна лічыць яе сэрцам. Па крайняй меры, калі гучыць яна ў руках Уладзіміра Лапціка, адбіваючыся акордамі на цнатлівым голасе скрыпкі, спрабуючы дагнаць мелодыю на недасягальнай вышыні яе імклівага палёту. Такая яна – «Элегія» – годны саюз творчых сэрцаў, адданых музыцы і песні. «Элегія» – гэта вяртанне да самых вытокаў чалавечай духоўнасці, гэта жывы гук, які сцірае межы між сцэнай і залай, усталёўвае кантакт з гледачамі на аснове ўзаемаразумення і суперажывання.
– Глядач зразумее, калі ты запамятаў словы ці зблытаў куплеты, – разважае Таццяна Захарыч. – І не даруе артысту фальшы.
Сёння на сцэну выходзяць ужо тыя, хто браў урокі ў першых артыстаў «Элегіі», тых, якія цяпер – яе касцяк і апора. Здольным вучнем Уладзіміра Лапціка стаў Кірыл Хацяновіч, цяпер – выкладчык школы мастацтваў. Ён выканаў на гітары ўласны твор «Святло кахання», назва якога ўжо сама за сябе сведчыць. І здолеў перадаць гледачам шчымлівы стан юначай душы, калі нараджае яна пачуццё, роўнага якому яшчэ не прыдумала чалавецтва.
Неаднойчы звяртаецца «Элегія» да творчасці таленавітага вілейскага паэта Івана Лашуткі. І на гэты раз са сцэны таксама гучалі яго творы – «Вячэрняя мелодыя», «Як многа даверана песні»… Чалавек жыве, пакуль пра яго помняць. Паэт датуль не сыйдзе ў вечнасць, пакуль не перастане хваляваць жывых светлай мелодыяй свайго сэрцам народжанага радка.




Марыя КУЗАЎКІНА.  Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries