Той, хто быў знаёмы з Іванавічам, ведаў, што за словам, а тым больш за трапным жартам, ён у кішэню не лезе. Ведалі – і да жартаў, часам саланаватых, прызвычаіліся. Баранку свайго малакавоза ён круціў ужо ладны тэрмін – больш за дваццаць год быў у рэйсах, збіраў малако па вёсках. Колькі за гэты час кіламетраў «накруціў» – не лічыў, а вось выпадак, які аднойчы адбыўся з ім у дарозе, успамінае і да гэтага часу.
Было гэта тады, калі лета ўжо хілілася да завяршэння, але дні па-ранейшаму стаялі спякотныя. Вяртаючыся з адной гаспадаркі, пры абочыне заўважыў дзяўчыну – тая лавіла спадарожную ў бок райцэнтра. Спыніўся, запрасіў «на борт». Спытаў, чыя, як завуць, дзе працуе. Аказалася – прыезджая, прыехала па размеркаванні, працуе фельчарам у сельскай амбулаторыі, а ў горадзе здымае кватэру. Дзяўчына якраз спазнілася на аўтобус – таму і выйшла на дарогу шукаць спадарожнага транспарту. Тое лета выдалася надзвычай спякотным, і гэты дзень не стаў выключэннем. Апроч таго, выклікаў было шмат – у каго ціск, у каго сэрца, а модны абутак з раменьчыкамі муляў – і ў кабіне дзяўчына разулася, паставіла ногі на басаножкі. Доўга не думаючы, у звычнай яму манеры Іванавіч сур’ёзна заўважыў:
– Глядзі, а то і абуцца не паспееш!
…Тое, што адбылося потым, дадало мужчыну на скроні нямала сівых валасоў. У імгненне вока дзяўчына тузанула дзверы машыны і на хуткасці пачала выскокваць з кабіны. Давячы на тормаз і ледзь-ледзь паспеўшы схапіць збянтэжанае дзяўчо за руку, спыніўшы машыну, Іванавіч не мог стрымаць моцных слоў:
– Ты што робіш, дурніца? Жыць надакучыла?
Тая, асэнсаваўшы небяспеку таго, што здарылася, усю дарогу да райцэнтра толькі хліпала носам…
З той пары пасажыраў, а тым больш пасажырак, «на борт» свайго малакавоза Іванавіч не бярэ. Выпадак стаў навукай. Але жартуе ён па-ранейшаму – у звыклай яму манеры.
Таццяна ШАРШНЁВА
Дзяўчына тузанула дзверы машыны і на хуткасці пачала выскокваць з кабіны
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ


