У бабулі Марылі намячалася прыгожая дата – сямідзесяціпяцігоддзе. Сама б пра гэта, мусіць, і ці думала, але ж не далі забыцца сыны. «Прыедзем, маці, абавязкова, сем’ямі прыедзем», – патэлефанавалі адзін і другі. – І не клапаціся там пра стол, усё з сабой прывязём…»
– Трэба ж нешта і мне купіць, – разважала расчуленая ўвагай маці. – Хай сабе прывязуць, але ж і маё, можа, не будзе лішнім.
Загадзя прыдбала пенсіянерка каўбас і мяса, не забылася пра гарошкі ды маянэзы, бутэлечку-другую купіла, дастала з падвала слоікі з агуркамі-памідорамі, вялікія качаны капусты, што вырасціла на сваім агародзе. А напярэдадні даты яшчэ і булак смачных напякла (нявесткі і ўнукі так іх любяць!).
У азначаны дзень стол у бабулі Марылі быў гатовы. І яшчэ які! Адно слова – пастаралася. А госці ўсё затрымліваліся. Толькі ўвечары ля хаты прыпынілася машына – прыехаў старэйшы сын. Адзін, без сямейства, з маленькай торбачкай у руках.
– Не атрымалася, маці, у маіх, сама ведаеш – справы, – апраўдваўся ён перад бабуляй. – І Валодзя перадаў, што не прыедзе, таксама заняты. Нічога, будзем святкаваць так…
Але ж ці гэта свята – удваіх? Ды за такім сталом? Пайшла бабуля ды пасклікала суседзяў. Сабраліся тыя, добра пасядзелі, а адыходзячы дзякавалі:
– Такое свята зладзілі. Гэта ж каб адна, дык і не падрыхтавала б так. Вось што значыць сын…
І бабуля не пярэчыла. А што казаць?
Ірына БУДЗЬКО
Дзень нараджэння
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ


