Была звычайная лютаўская субота. Снежная – сумёты вышэй платоў, марозная. А на вячэрнім небе – шматлікая зорная сям’я. Галя любіла глядзець туды, у невядомую бясконцасць, дзе жывуць зоркі, і марыць… Хоць і школьніца, а ўжо разумела і захаплялася тым, як разумна і хораша ўсё ў гэтым свеце. І галоўнае, усё ўзаемазвязана. Нібыта і выпадкова здараецца штосьці з намі, а ўжо пасля, усё пераасэнсаваўшы, разумееш, што менавіта так і павінна было здарыцца…
Дзяўчаты збіраліся на дыскатэку. Да суседняй вёскі, дзе быў клуб, кіламетры з чатыры, але гэта не палохала. І марозу яны таксама не баяліся – у бліскучых боціках на высокіх абцасіках ды міні-спаднічках (мода пачатку васьмідзесятых) пад цёплымі паліто адчувалі сябе камфортна. Грэлі няўрымслівасць, маладосць.
У той вечар на першы ж танец Галю запрасіў незнаёмы хлопец. Разгаварыліся. Высветлілася, што ён трапіў у клуб зусім выпадкова – упершыню прыехаў са знаёмым у вёску і дзеля цікавасці прыйшоў на сельскую дыскатэку. Тут і прыкмеціў прыгожую незнаёмку, расчырванелую ад марозу…
З таго вечара завязалася іх знаёмства. Валера, так звалі хлопца, пачаў бываць у сваіх знаёмых штовыхадныя – каб толькі сустракацца з Галяй. У мароз і сцюжу ён мужна пераадольваў кіламетры, праводзячы дзяўчыну дамоў і вяртаючыся назад. Як цікава расказваў Валера пра зоркі! Ім было весела і добра разам, і пачуццё, што зарадзілася паміж маладымі людзьмі, было светлым і чыстым.
Усё закончылася тады, калі Валерый пайшоў ў армію. Ледзь не штодня Галі прыходзілі яго пісьмы, на якія дзяўчына адказвала радзей і радзей. А затым і ўвогуле перастала пісаць, бо ў яе жыцці з’явіўся Ігар… Неўзабаве згулялі вяселле, і пачалося сямейнае жыццё з яго няпростымі буднямі.
Прайшло нямала гадоў, выраслі дзеці Галі і Ігара. Азіраючыся на пройдзенае, жанчына прызнаецца, што ўсе гэтыя гады побач з ёй быў зусім чужы чалавек. Так, спачатку было захапленне, затым аб’ядноўвалі дзеці, клопаты пра іх. І ўсё, болей не было нічога. А так хацелася і хочацца, каб побач быў той, з кім можна пагаварыць пра зоркі…
Прайшло столькі гадоў, а Галя не-не ды ўзгадае Валеру. Дзе ён? Як склаўся яго лёс? Хто ведае… Толькі ўсё часцей задумваецца, што, магчыма, ён, Валера, і стаў бы тым, з кім ёй было б лёгка ісці па жыцці. Нездарма ж пазнаёміліся яны 14 лютага, у Дзень закаханых. Толькі вось не ўбачыла, не ацаніла яна тады гэтага знаку лёсу…
Ірына БУДЗЬКО


