Вось і зноў разам з іншымі патэнцыяльнымі пасажырамі дружна штурмуем «чацвёрку». У салоне мы – нібы селядцы ў бочцы. І кожны ў такіх умовах стараецца прайсці ўперад або падсунуцца на месцы, каб побач мог прысесці і нехта яшчэ. Адна жанчына бадзёрым тонам запэўнівае: «Нічога, утрасёмся!» І неяк мякчэюць ад гэтай заўвагі засяроджаныя твары. Паехалі. На наступным прыпынку выходзяць мала, а зайсці ў аўтобус спрабуюць удвая больш.
Апошні з іх – мужчына пажылога ўзросту, ахайна адзеты, пры капелюшы і акулярах. Ледзь-ледзь трымаецца на апошняй прыступцы. Нягледзячы на ўзрост, ён не скардзіцца на цісканіну, а весела просіць: «Ну, моладзь, праходзім, можа дзе засталіся вольныя стаячыя месцы?» І тут адзін з двух маладых хлопцаў, што загароджваюць праход перад дзвярыма і незадаволена моршчацца ад просьбы маладой жанчыны прапусціць далей, у салон, агрэсіўна заяўляе яму: «А чаго лез у аўтобус, калі бачыў, што людзей – мора?» «Ага! Сядзі сабе дома і маўчы!» – падхапіў другі, падобны знешне на першага, відаць, брат. І неяк згасла ў позірках іншых пасажыраў тая іскрынка жарту і добрага настрою, з якімі і праблемы здаюцца зусім не праблемнымі. На наступных прыпынках усе моўчкі і паспешліва выходзілі.
На адным прыпынку разам з маладымі грубіянамі выйшла і я. Назіраючы, як напрасткі, не зважаючы на пешаходны пераход, шыбуюць яны праз чыгунку, я ніяк не магла зразумець, чаму на іх расчырванелых тварах цвіло такое задавальненне сабой – як жа, «сапраўдныя» мужчыны… І нават ні следу запозненага раскаяння не адбілася на гэтых аднолькава каменных тварах. Асадак на душы і пачуццё агіды не здолеў развеяць нават восеньскі настырны вецер.
Таццяна ШАРШНЁВА