Спякотным летнім днём у засені высокіх дрэў у парку людна. Тут гуляюць бацькі з малымі дзеткамі, на лавачках любяць пасядзець і пагутарыць пенсіянеры. Крыху далей жыве сваім жыццём рынак, мітусяцца людзі, іграе музыка, снуюць машыны, а тут – шэпат лістоты, дзіцячыя галасы і – спакой.
У мяне было з паўгадзіны вольнага часу. Захацелася прысесці ў цяньку і проста памаўчаць, падумаць. І месца знайшла зручнае – побач з сярэдніх гадоў жанчынай. Нейкі час сядзелі моўчкі і назіралі за тым, што адбываецца навокал. Вунь забаўны хлопчык гадоў чатырох, звонка смеючыся, стараецца схавацца ад маці то за дрэвам, то за невысокім кусцікам. «Мама, дзе я?» – даносілася да нас. І адказ маладой жанчыны: «Бачу, Алежка, бачу».
– Выліты Валерка, – ці-то сама сабе,ці-то мне пачала гаварыць жанчына. – І чым больш гляджу, тым больш бачу ў гэтым дзіцяці сына… Ну, не можа такое быць, каб так быў падобны… І вочы, і носік, і валаскі такія ж.
– Гэта што, ваш унучак? – палічыла правільным падтрымаць размову я.
– Ды не, не мой, – адказала яна. – А хочацца, каб быў мой… Бо вельмі ж падобны. А да таго – і Алежка. Валера любіў гэтае імя і заўсёды гаварыў, што назаве так свайго сына. Не паспеў… Няма яго, майго Валеркі, ужо тры гады як няма. І ажаніцца не паспеў, і дзетак не пакінуў. Праўда, збіраўся пазнаёміць нас са сваёй дзяўчынай… А раптам, думаю іншы раз, усё ж жыве недзе яго крывінка, а я і не ведаю. Убачыла вось гэтага Алежку і ўсё, страціла спакой. Здаецца, што наша гэта дзіцятка, роднае…
Яна змоўкла, дастала хусцінку і выцерла вочы. Пот, а можа слёзы? Злавіўшы мой зацікаўлены погляд, пачала нібыта апраўдвацца:
– Вы не лічыце мяне ненармальнай. Разумею, што гавару бязглуздзіцу. А што калі не бязглуздзіцу? У жыцці ж рознае бывае.
– Бывае, – пагадзілася я і параіла: – А вы б падышлі да гэтай маладой мамы ды пагутарылі. І ўсё б стала на свае месцы.
Жанчына апусціла галаву, пачала засяроджана перабіраць хусцінку. А пасля ўздыхнула:
– Падыходзіла. Набралася смеласці і запыталася…
– І што?
– Аксанай завуць гэту жанчынку, – ціха сказала яна, нібыта наўмысна адцягваючы час, не спяшаючыся пачаць пра галоўнае. – А пра Валерку сказала ёй, дык яна яго нават і не ведае… Толькі ці праўда гэта, невядома…
Я не ведала, што ёй сказаць. Калі ўжо адыходзіла, жанчына яшчэ раз сказала:
– Не лічыце мяне ненармальнай… Проста я вельмі-вельмі любіла свайго Валерку.
А я і не лічу. Хіба можа маці не зразумець другую маці?
Ірына БУДЗЬКО
Чый ён, Алежка?
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


