Усміхаецца колішні супрацоўнік крымінальнага вышуку.
У дзяжурную часць паступіла паведамленне аб крадзяжы з магазіна. «Шляхам узлому дзвярэй і пранікнення ў памяшканне» – так мы пасля занатавалі ў пратаколе агляду месца здарэння. Як звычайна, хуценька сабралася аператыўная група ў саставе двух операў і эксперта-крыміналіста. Асядлалі свайго не вельмі гарэзлівага «козліка», але вадзіцель паддаў газу і імгненна выскачыў да чыгуначнага пераезду. Ён аказаўся закрытым.
– Зноў манеўраны, – незадаволена прабурчаў вадзіцель, пазіраючы на гадзіннік. А той настойліва адлічваў секунды, мінуты… Ніякага руху на чыгунцы не назіралася. Толькі святлафор ля шлагбаўма хітравата падміргваў чырвоным вокам. Нібы добры алкаш у падпітку. Сабралася чарга, заднія нецярпліва сігналілі. Мы, як звычайна, занялі пазіцыю перад самым шлагбаўмам, пацясніўшы пярэдніх. Як-ніяк, аператыўная машына.
Прастаяўшы хвілін дваццаць, пачынаем разумець, што перспектыва ўзяць гарачы след паступова раствараецца як пясчаны лабірынт на рачным пляжы. І з гэтай прычыны самы маладзейшы з нас і найбольш гарачы рашаецца на неардынарны ўчынак. Ён выходзіць з уазіка, рыўком адчыняе дзверы будкі дзяжурнага па пераезду. І тут жа імгненна іх закрывае, ускоквае ў козлік і нацята ківае вадзіцелю:
– Давай на парсянскі пераезд…
Ваня моўчкі падпарадкоўваецца камандзе старэйшага па званню і робіць рэзкі разварот улева.
– Павінна ж быць на свеце мужчынская салідарнасць, – кідае ў адказ на нашы недаўменна запытальныя позіркі опер. І мы ўрэшце пачынаем разумець, што сваім эмацыянальным парывам ён абарваў рамантычнае спатканне ў стылі чыгуначнага танга.
Інтэрпрэтацыя Марыі КУЗАЎКІНАЙ
Чыгуначнае танга
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


