З Рабуні прыляцеў ліст ад нашай пастаяннай чытачкі Аляксандры Ігнацьеўны Валадзько. Вось што яна напісала: «Праз газету хочацца выказаць падзяку бібліятэкару з аграгарадка Крывое Сяло Людміле Мікалаеўне Ракецкай. Вельмі многа было хваляванняў, спрэчак, калі зачынілі ў нашай вёсцы клуб, бібліятэку, пошту і медпункт. Але такая рэальнасць. Вёска старэе, хутка будзе больш дачнікаў, чым карэнных жыхароў. Аднак, дзякуючы раённаму начальству, усё ўладзілася. Рэгулярна. мінута ў мінуту, прыязджае паштовая машына, дзе можна хутка заплаціць за камунальныя паслугі, купіць неабходнае, нешта заказаць. Раз у тыдзень прыязджае загадчык Крывасельскага ФАПа Т.М.Прышчэпава, прыводзіць нам неабходныя лякарствы, абслугоўвае вяскоўцаў па выкліках, дае прафесіянальныя парады. А вось кнігі Людміла Мікалаеўна прывозіць па нашых просьбах на сваёй аўтамашыне з-за спачування немаладым людзям, якія прывыклі да друкаванага слова. І для нас гэта рэлаксацыя паміж хваробамі і лякарствамі. Дзякуй за гэта».
У мужчыны, які патэлефанаваў у рэдакцыю і прадставіўся проста жыхаром горада, пытанне не пра харч духоўны, а пра надзённы.
– Заўсёды купляў у магазіне бохан хлеба, які называюць «цаглінай», – сказаў ён. – Да нядаўняга часу плаціў за яго 7800 рублёў, а на днях цана ўжо павялічылася да 8000. З чым гэта звязана?
Як растлумачыў нам галоўны інжынер вілейскага хлебазавода Дзмітрый Лях, і сапраўды некалькі павысіўся сабекошт выпускаемай прадпрыемствам прадукцыі.
Хлебазавод не абмежаваўся проста словамі, а даслаў у рэдакцыю падрабязнае тлумачэнне за подпісам вядучага эканаміста Н.Н.Балаш. Вось што ў ім напісана: «Філіял «Вілейскі хлебазавод» ААТ «Барысаўхлебпрам» выпускаў хлеб «Гарадокскі» фармавы са студзеня да сярэдзіны лістапада 2015 года. На працягу гэтага часу кошт гэтага хлеба не мяняўся. Разам з тым, за вышэйназваны перыяд змяніўся кошт сыравіны, неабходнай для вытворчасці хлеба: цукар падаражэў з 7473,6 руб за 1 кг да 8828,5 руб; дрожджы – з 13997 руб за 1 кг да 14521 руб; алей – з 10012,96 руб за 1 кг да 15312 руб;плёнка для ўпакоўкі з 36208 руб за 1 кг да 49426,59 руб. Акрамя таго, за названы перыяд павялічыўся кошт энерганосьбітаў, неабходных для выпечкі хлеба: 1 кВт гадзіна электраэнергіі падаражэла з 2002,26 руб да 2221,96 руб; 1 куб.м прыроднага газу – з 3860 руб да 4938,22 руб. У сувязі з гэтым вытворчасць хлеба «Гарадокскага» фармавога стала для прадпрыемства стратным. Таму з 18 лістапада 2015 года у вытворчасць запушчаны хлеб «Жалігоўскі» фармавы, рэцэптура якога адрозніваецца ад хлеба «Гарадокскага» колькасцю цукру і дражджэй. У сувязі з павялічэннем кошту сыравіны і энерганосьбітаў павялічыўся і кошт новага хлеба. У магазіне «Водар хлеба» ўстаноўлены рознічны кошт на яго: хлеб «Жалігоўскі» фармавы 0,9 кг – 7500 руб. (для параўнання: хлеб «Гарадокскі» фармавы 0,9 – 7200 руб.); такі ж хлеб ва ўпакоўцы – 8500 руб. (8300 руб.); хлеб «Жалігоўскі» фармавы 0,9 кг наразны і ва ўпакоўцы – 9200 руб. (8800 руб); хлеб «Жалігоўскі» фармавы 0,45 кг наразны і ва ўпакоўцы – 4700 руб. (4700 руб)».
Ірына БУДЗЬКО


