Марозная зімовая раніца. Вельмі цяжка высунуць нос з-пад цёплай коўдры. На жаль, трэба ўставаць. Стан здароўя не выбірае час, патрэбна наведаць абласную бальніцу ў Бараўлянах.
Загадзя дамовіліся з вадзіцелем таксі. У пазначаны час выходзім з пад’езда. Невялікі белы аўтобус ужо чакае нас.
Зімовая дарога шпарка кладзецца пад колы аўтобуса. У салоне гучыць прыемная музыка, заснежаныя дрэвы паабапал шляху нагадваюць зімовую казку.
І вось канцавы прыпынак нашага маршруту – пасёлак Лясны. У салоне аўтобуса асобы кантынгент: хворыя людзі, якія павінны прайсці лячэнне ва ўрачэбных установах, а таксама родныя і блізкія пацыентаў.
Вадзіцель аўтобуса Любавіцкі Сяргей Мікалаевіч падвозіць пасажыраў да кожнай лячэбнай установы, дапамагае спусціцца з прыступак. Нямоглым і пажылым людзям тлумачыць, дзе бліжэйшы ўваход.
Мне таксама давялося карыстацца яго паслугамі. Сяргей Мікалаевіч правёў мяне да кабінета ўрача, дачакаўся, пакуль не быў пастаўлены дыягназ.
Хочацца ад імя ўсіх пасажыраў выказаць вялікую падзяку вадзіцелю маршрутнага аўтобуса Любавіцкаму Сяргею за яго ўважлівыя адносіны да пасажыраў, за цеплыню і спагадлівасць. Будзем спадзявацца, што «таксі міласэрнасці» і надалей будзе працягваць сваю працу.
Данута ЛУБНЕЎСКАЯ
Будзем спадзявацца, што «таксі міласэрнасці» і надалей будзе працягваць сваю працу
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


