Каб гэтыя жукі ды на той час…
Вера Сцяпанаўна з тых, хто не ўяўляе сябе без працы. Здавалася б, ужо даўно на пенсіі, усім забяспечаная, дзеці ў дастатку і парадку… Жыві, дзякуй Усявышняму за здароўе, адпачывай. Ды не, так Вера Сцяпанаўна не можа. За гады працы ў калгасе (а была яна і паляводам, і даяркай) прывыкла жыць па сваім распарадку, якому не здраджвае і цяпер: устае з сонейкам і тупае, тупае па гаспадарцы. То ў агародзе яна, то на «сотках», то з курамі ды парасятамі ўпраўляецца. А то за кош – і ў лес у грыбы ці ягады. Найлепшы, кажа, гэта для яе адпачынак.
Сёлета ў пачатку лета ўбачыла Сцяпанаўну на бульбяным палетку. Пенсіянерка павольна абыходзіла чыста праполатыя баразёнкі, уважліва аглядала кожнае каліва, раз-пораз затрымлівалася ля некаторых падоўгу. Адказаўшы на маё прывітанне, падзялілася:
– Вось так і змагаюся з гэтай нечысцю амерыканскай. Штодня збіраю, здаецца, да апошняга, а прыходжу праз дзень – зноў тое ж самае. Эх, каб гэтых жукоў ды ў ранейшы час, дык бы азалаціліся!
І прыгадала, як некалі, калі яе дзеці былі яшчэ школьнікамі, абыходзілі яны калгасныя бульбяныя палеткі ў пошуку каларадскіх паласацікаў. Тады за знойдзенага жука грошы плацілі. Прайшлі дзясяцігоддзі, а каларадскае насланнё мы так і не перамаглі. І сапраўды, цяпер бы за жукоў азалаціўся. Вось толькі няма жадаючых за іх плаціць…
Буду Максімам, каб нічога не рабіць
Брыгадзір паляводчай брыгады – фігура на вёсцы прыкметная. Калі не сказаць галоўная. Як ні кажы, найбольшы начальнік, так бы мовіць, на месцы, галоўны праваднік у асобна ўзятай вёсцы лініі кіраўніцтва ўсёй гаспадаркі. Канешне ж, з гадамі адносіны людзей да прадстаўнікоў гэтай прафесіі неяк памяняліся, у ёй ужо не бачаць нешта звышнатуральнае. А раней брыгадзір быў ого-го якім начальнікам… Яго паважалі, а часам і баяліся, да яго прыслухоўваліся.
У адной вёсцы паляводчай брыгадай кіраваў немалады ўжо чалавек Максім. Строгі, часам грубаваты і нават жорсткі, ён выклікаў да сябе розныя пачуцці.
Дачка таго брыгадзіра працавала ў мясцовай школе настаўніцай. Неяк на ўроку яна пацікавілася ў дзяцей, хто кім марыць стаць. У адказ пачула рознае: настаўніцай, прадаўцом, шафёрам… Толькі адзін хлапчук здзівіў сваім адказам:
– А я буду Максімам.
– Чаму? – запыталася настаўніца.
– Каб нічога не рабіць і на баб крычаць, – шчыра растлумачыў хлапчук.
Канешне ж, маладая настаўніца ўсё зразумела. Толькі вось невядома, ці расказала гісторыю бацьку. Так ці інакш, а перамен да лепшага ў ім ніхто не заўважыў – як крычаў на жанчын (а на той час менавіта на іх усё трымалася ў паляводстве), так і крычаў.
Дзядзька. А можа, бацька?
Як і ўсе хлапчукі, Сяргейка любіў машыны. Не цацачныя, а сапраўдныя, як, напрыклад, у дзядзькі Пятра. Тут можна было зручна ўсесціся ў кабіне побач з дзядзькам, удыхаць такі знаёмы пах поля, зерня, бензіну і глядзець-глядзець у акно. І так – цэлы дзень: з поля – на ток; з току – на поле… Часам ад манатоннасці пейзажу і калыхання ў машыне Сяргейка засыпаў і прачынаўся ўжо дома. Спачатку ўсхопліваўся: а дзе машына? Дзе дзядзька Пеця? А потым, супакоены мамай, засыпаў, каб заўтра з самай раніцы зноў катацца з добрым дзядзькам, які, здаралася, частаваў цукеркай і глядзеў на яго ласкава-ласкава, як родны чалавек.
Сяргейка жыў з мамай, таму яму вельмі хацелася мужчынскай увагі і надзейнага сябра. Пра свайго бацьку ён ведаў адно: калі хлопчык яшчэ не нарадзіўся, той з’ехаў назаўсёды. І толькі пазней хлапчук даведаўся сэнс слова «байструк», якім яго іншы раз называлі… А яшчэ запомніў мнагазначнае: нездарма, маўляў, Пеця возіцца з хлапчанём… Мама, маладая і вострая на язык, умела хутка і надоўга адбіць цікавасць да яе і сына, а вось хлопчык з гадамі ўсё больш задумваўся пра невядомага бацьку, які з’ехаў і не вярнуўся.
Прайшлі гады. Сяргейка ператварыўся ў прыгожага хлопца, вывучыўся на шафёра і працаваў у мясцовай гаспадарцы. Размову з маці пра свайго бацьку ўсё адкладваў на далейшае. А затым здарылася бяда – вяртаючыся з працы на веласіпедзе, маці трапіла пад машыну і загінула. І літаральна на другі дзень, пачуўшы навіну пра смерць жанчыны, ад інфаркту памёр нестары яшчэ пенсіянер Пётр, былы калгасны шафёр. Той-сей казаў, што не змог чалавек перанесці смерць каханай…
А Сярожа жыве і працуе ў сваім калгасе. Ужо мае дваіх дзетак, якіх любіць больш за ўсё ў жыцці. А думкі пра бацьку, прызнаецца, не-не ды і прыходзяць. І адразу прыпамінаюцца пах поля, зерня і бензіну ў кабіне, ласкавы погляд блакітных вачэй…
Ірына БУДЗЬКО
Буду Максімам, каб нічога не рабіць…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


