Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Асляпіла каханне… Ненадоўга

Да разладу ў братавай сям’і Люба аднеслася так, як падказвала яе сэрца – прыняла бок братавай, жанчыны сціплай,гаспадарлівай. А брат… Люба ведала характар Сяргея, які заўсёды быў нераўнадушным да прыгожых жанчын і не раз ужо жонка даравала яму такія захапленні. Даравала б і цяпер. Як-ніяк, ужо дарослыя сыны, з якімі ў бацькі вельмі добрыя адносіны. Ды і супакоіцца ўжо хутка, не юнак – пад паўсотні падбіраецца…
Але на гэты раз усё ў Сяргея было, відаць, даволі сур’ёзна. Яго маладая абранніца Лера заявіла мужчыну, што чакае дзіця, таму, маўляў, выбірай: ці жонка, якая ўжо надакучыла за столькі гадоў жыцця, ці яркая маладзіца і перспектыва хутка стаць бацькам (а гэта ж такі светлы праменьчык у жыцці мужчыны яго ўзросту!). І Сяргей зрабіў свой выбар – у карысць маладосці, страсці, новага жыцця…
– Што ж зробіш, мы ўсе змірыліся з гэтым, – расказвае Люба. – І нават Марына, жонка Сяргея. Яна ў нас разумная, разважлівая… Не пабягу, сказала, вокны біць ды рваць саперніцы валасы. Няхай жывуць.
Прайшоў месяц, другі, чацвёрты. Неяк выпадкова сустрэўшыся з маладой жонкай брата, Люба са здзіўленнем адзначыла, што тая, як і была, “тонкая, звонкая”, без намёку на цяжарнасць. Ужо раскрыла рот, каб запытацца ў маладзіцы пра гэта, як тая аперадзіла:
– Што, задаволена? Удалося зрабіць, што хацела? Радуйся! Няма нашага маленькага… І ўсё ты, ты!
І ў адрас ашарашанай жанчыны панесліся праклёны. З бессэнсоўнага маналогу Леры яна зразумела, што тая згубіла дзіця і што віной усяму – яна, Люба. А чаму яна? Ды нібыта Лера наведалася да нейкай знахаркі і тая раскрыла тайну: ім, Леры і Сяргею, «зроблена», вось і будуць іх суправаджаць няшчасці. І «зроблена» блізкім чалавекам, родным па крыві. Вінаватага доўга і не шукалі – значыць яна, Люба, бо вельмі ж не хацела братавай жаніцьбы з маладой.
– І пачаліся мае пакуты, – у голасе Любы – сапраўдны боль. – Што б ні зрабілася ў іх, якая б непрыемнасць ні здарылася – ва ўсім вінавацяць мяне. Спрабавала размаўляць, тлумачыць – ніякай увагі. Няхай сабе яна, Лера… Дык і родны брат, з якім заўсёды жылі душа ў душу і якому жадала толькі шчасця, перастаў размаўляць, пазбягае мяне. Як ім даказаць, што не была і нават не збіралася я да розных там знахарак? Навошта мне гэта – роднаму брату жадаць гора…
Адказаць на гэтыя пытанні яна не магла. Так і жыла, несучы цяжар неіснуючай сваёй віны. Прайшоў год, два. З братам Люба амаль не бачылася, толькі чула ад людзей, што «маладым» жывецца, мусіць, не надта соладка, звыклай з’явай у іх сталі сваркі, груканне дзвярамі, з якім Сяргей выходзіць з дома і доўга-доўга бавіцца на вуліцы… Што думае ён у такія моманты? Хто ведае…
Аднойчы Любе патэлефанавала Марына, першая жонка Сяргея. Жанчыны сябравалі, часта званілі адна адной, сустракаліся. Але ў гэты раз Марына ашарашыла:
– Люба, ён хоча вярнуцца. Хто-хто? Сяргей.
І пачала расказваць. Брат прыйшоў да былой жонкі ўжо познім вечарам. «Усё, болей не магу», – і абхапіў галаву рукамі. А пасля пачаў расказваць усё, што адкрылася яму за гады жыцця з маладой жонкай… Яна хлусіла яму на кожным кроку, карысталася яго сляпым каханнем і давер’ем. У яе руках былі не толькі яго пластыкавая картка – быў ён увесь. Вось і бацькоўскі дом, у якім жылі, ужо перапісаны на яе. А дзіця? Не была яна ніколі цяжарнай, гэта ўсё было часткай таго вялікага спектакля, які разыграла Лера. І вось мэта дасягнута – у яе ёсць дом. Спектакль закончыўся, і маладзіца адкрыта сказала Сяргею: «Вяртайся да сям’і, ты мне цяпер не патрэбен, я хутка выходжу замуж»…
– І Марына, жанчына з залатым характарам, даравала, – закончыла расказваць Люба. – Нават на дом, казала, махну рукой. Галоўнае, што Сяргей дома, у сям’і… Праўда, дарослыя сыны думаюць па-другому і намераны разабрацца з прахадзімкай праз суд. Не ведаю, што будзе. Ды ўсё ж за брата цяпер спакайней, ён пры Марыне…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries