Дзве дзяўчынкі год па дзесяць настойліва тупаліся па свежапракладзеным асфальце. Напэўна, маючы намер пакінуць на ім адбітак сваіх абцасікаў. Не атрымалася – паклалі пад ногі некалькі ладных каменьчыкаў і паспрабавалі гойсаць па іх. Вулічнае пакрыццё вытрымала, пацвердзіўшы надзейнасць сучасных тэхналогій. Засмучаныя, што свавольства не мела лагічнага фіналу, дзяўчаткі падаліся, пэўна, дадому. Бо ўжо прыкметна звечарэла…
Не ведаю, пра што яны звычайна гавораць з бацькамі. Толькі, відаць, не пра тое, што варта паважаць справу рук чалавечых і не чыніць урону таму, што створана імі дзеля ўсіх нас.
Сабачая маці
Кормячая сабака, гэта было бачна па яе набрынялых сасках, адзінока брыла па мокрай вуліцы. Нарваўшыся на чародку гаваркіх падлеткаў, выдзеліла аднаго з іх, крануўшыся мордай пальчаткі. У чаканні адпаведнай рэакцыі, аддана і адначасова лісліва паспрабавала злавіць чалавечы позірк. Жывое цягнецца да жывога.
– Во, гляньце, прычапілася, – не ацаніў нямога закліку да яднання заняты стасункамі з аднагодкамі хлопец. І адхінуў ад сябе нагой безабаронную істоту. Сабачая мама моўчкі папхнулася далей са сваёй нераздзеленай ношай. Якой будзе яе наступная сустрэча з братамі сваімі старэйшымі?
Ролі для будучага
– Мама, дай ручку! – плакала дзіця, палавую прыналежнасць якога яшчэ цяжка было вызначыць. Мяркуючы па куртачцы ружовага колеру, – дзяўчынка. Юная мама, у абцягваючых яе жаночыя вартасці джынсах, вяла фрывольны дыялог з імпазантным маладым чалавекам. І не звяртала ўвагі на гэты адчайны вокліч дзіцяці.
Не памяняліся б маці з дачкой ролямі ў зусім недалёкім будучым…
Марыя КУЗАЎКІНА


