Забралі дзеці бацьку…
Нядаўна дзед Мікалай аўдавеў. Больш за паўвеку пражылі яны са сваёй Макараўнай, траіх дзяцей выгадавалі, вывелі ў людзі. Разляцеліся па свеце іх сыны і дачка, да бацькоў добра калі раз у год наведваліся. Ды яны, старыя, і не крыўдзіліся, хто ж вінаваты, што вось так далёка ад радзімы асталяваліся дзеці. Галоўнае, каб добра ім было…
Макараўна памерла раптоўна. Як кажуць, лягла спаць і не прачнулася. Правялі ў апошні шлях па-людску, як і належыць, а пасля дзеці раз’ехаліся, забраўшы бацьку з сабою… Толькі месяц змог вытрымаць дзядуля ў гарадской кватэры, усё прасіўся і прасіўся ў сваю хату, нават перастаў есці, занямог. Таму і прывезлі яго дамоў, а каб быў дагледжаны і не адзінокі, нанялі яму сацыяльнага работніка Анюту. Старанная такая жанчына, добразычлівая, яна штодня наведвалася да дзядулі, даглядала яго, як родная дачка. І стары акрыяў, адчуў інтарэс да жыцця, пачаў тупаць і нешта падладжваць у дварышчы.
Калі да бацькі прыехаў адзін з сыноў, першай яго сустрэла суседка. Пагаварыўшы пра жыццё-быццё, яна перасцерагла:
– Нешта вельмі часта бегае Анюта да бацькі, так ні аднаго старога не даглядаюць… Глядзіце, каб не задурыла галаву старому ды хату ў вас не забрала. Будынак вунь які добры… Ці мала такога бывае, лічы, штодня па тэлевізары паказваюць.
Задумаўся сын над гэтымі словамі, па тэлефоне параіўся з сястрой і зноў забраў бацьку да сябе. Вельмі не хацеў стары варочацца ў горад, ледзь не са слязьмі прасіўся пакінуць яго дома. Не пакінулі…
А праз месяц дзядулі Мікалая не стала.
«Мацацыкл няправільна дырчэў…»
Данілку яшчэ няма чатырох гадоў. Самы забаўны ўзрост, калі дзіцятку ўсё цікава, ён капіруе дарослых, стараецца ва ўсім быць на іх падобным.
– У сваёй групе ён самы гаварлівы, – хваліцца ўнукам бабуля. – На ранішніках выступае, такія вершы вялікія запамінае! Нават камп’ютар асвойвае, ведае ўжо, што там і як уключаецца. Не дзіця, а проста вундэркінд!
А нядаўна цуда-хлопчык у чарговы раз уразіў бабулю – гуляючы з машынкай, завярнуў такога мацюка, што ў жанчыны, што называецца, вушы звялі…
– Гэта дрэнныя словы, Данік, ніколі не гавары іх, – пачала павучаць бабуля ўнука. – І дзе толькі ты іх пачуў… Хто так, дзетка, гаварыў?
– Тата, – з сур’ёзным выглядам адказаў малы. – Калі мацацыкл няправільна дырчэў…
Ірына БУДЗЬКО


