Работы ўраджэнкі вёскі Фалькі Вязынскага сельсавета Марыі Скудновай, аб’яднаныя ў выставу «Мелодыі маёй душы» і прадстаўленыя ўвазе гледачоў у гарадской бібліятэцы, падаліся мне надзвычайна жаноцкімі. Вельмі ўжо далікатная і тонкая вышыўка, прыгожыя сюжэты… «Дачка неба», «Белашвейка», «У чаканні», «Ля самавара», «Мадам «Шык», «Дзве зоркі» – гэта толькі частка работ, у кожнай з якіх майстрыха паказала жанчын – прыгожых, вытанчаных, таямнічых. Нібыта на палатно сышла блокаўская незнаёмка… І вось яна то за вышываннем, то за кубкам чаю, то з любімым сабачкам, то ў чаканні нечага (ці некага) надзвычайна важнага ў жыцці. Ах, як блізка і зразумела гэта нам, жанчынам…
Асобная і, відаць па ўсім, немалаважная тэма ў творчасці Марыі Іванаўны – рэлігійная. Трыпціх «Вера ў сэрцы маім» – вышыўкі цэркваў, узятыя ў прыгожыя рамкі. Прадастаўлены і тры цудоўныя работы – абярэгі «Славянскія ўзоры», «Сямейны ачаг», «Каханне і шчасце». Вечныя тэмы, надзвычай важныя для кожнага з нас.
Знаёмячыся з работамі Марыі Скудновай, міжволі адзначаеш, што тварыў майстар сваёй справы. А, між тым, вышываць жанчына пачала не вельмі даўно, калі выйшла на заслужаны адпачынак. У свой час, праўда, любіла назіраць, як вышывалі маці, бабуля. Тады здавалася, што ў яе не хопіць майстэрства ды і элементарнай уседлівасці. А вось жа прыйшло натхненне, для якога знаходзяцца і час, і сілы, і майстэрства. І нараджаюцца вось такія шэдэўры, якія радуюць, ствараюць настрой, натхняюць.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара







