Калі не стала Івана, Марыя Фёдараўна зразумела, што яе жыццё страціла сэнс. Яна хадзіла, нешта рабіла па гаспадарцы, клалася ў бальніцу – і лавіла сябе на думцы, што ўсё гэта адбываецца нібыта з некім іншым. Сабою станавілася толькі тады, калі прыходзіла на могілкі і, папраўляючы стужачкі на вянках, усё гаварыла і гаварыла са сваім Іванам… І здавалася, што ён яе чуе і, як было звычайна, ва ўсім падтрымлівае. З усведамленнем гэтага жанчына вярталася дамоў, у сваю хату, дзе цяпер яны былі толькі ўдзвюх – яна і адзінота.
– Не перажывай ты так, беражы здароўе, – раіла пенсіянерцы суседка. – Па Сярожу так не ўбівалася…
А Марыя Фёдараўна і не пярэчыла. Так, першы муж, Сяргей, з якім пражыла без малога пятнаццаць гадоў, пайшоў з жыцця рана. Моцна піў, і аднойчы глыбокай восенню яго знайшлі ноччу нежывым – не змог дайсці да дому, не разлічыў, як звычайна здаралася, свае магчымасці ў выпіўцы. Калі шчыра, за гады першага замужжа Марыя добрага бачыла мала. Але ж жыла, гадавала сына, трывала… Вырас і пакінуў бацькоўскае гняздо сын, свой лёс сустрэў у Расіі, дзе і асталяваўся з сям’ёй. Марыя ж доўгія гады жыла адна. Ёй было шэсцьдзясят два, калі лёс звёў з удаўцом з суседняй вёскі. Іван таксама застаўся адзін, зусім адзін, бо ім з жонкай дзетак Бог не даў. І тады яго сястра, добрая знаёмая Марыі Фёдараўны, бліжэй пазнаёміла адзінокіх людзей.
Сем гадоў, якія яны пражылі разам, падаліся жанчыне казкай. Вось, аказваецца, якім можа быць жыццё ў сям’і – без п’янак і брыдкаслоўя, спакойным, нейкім цёпла-зацішным. Іван Сцяпанавіч, хоць і старэйшым быў за яе, львіную долю клопатаў па гаспадарцы браў на сябе, засцерагаючы сваю гаспадыню ад цяжкасцяў і перажыванняў. Ёй было дзіўна, што гаспадар, вяртаючыся з крамы, даставаў з сумкі не бутэльку, а пакецік цукерак для яе. Яна ж, стараючыся аддзячыць яму за павагу і клопат, старалася ва ўсім дапамагаць, ствараць утульнасць і прыгажосць. У іх хаце заўсёды было чыста і прыгожа, падворак, дагледжаны, упарадкаваны, штовясну расквечваўся на розныя колеры. Іван так любіў сядзець на лавачцы і глядзець на ўсю гэту прыгажосць. Зімовымі ж вечарамі, ля тэлевізара, яны прыгадвалі мінулае, абмяркоўвалі нейкія падзеі, радаваліся, што іх жыццё набыло іншы сэнс. І ў душы кожны дзякаваў лёсу і свайму спадарожніку за цеплыню і спакой, якія ім выпалі на старасці.
– Цяпер, мама, я за цябе спакойны, бо бачу, што ты шчаслівая, – сказаў неяк Марыі Фёдараўне рэдкі госць – сын, і зноў з’ехаў на некалькі гадоў. І маці на яго ніколі не крыўдавала – у яго ж там сям’я…
А цяпер у доме ціха і холадна. Без яго, яе Івана Сцяпанавіча. Пенсіянерка зноў і зноў прыходзіць на могілкі, каб расказаць гаспадару пра сваю адзіноту, падзякаваць яму за сем шчаслівых гадоў, якія яны пражылі разам, за сваё позняе шчасце. Суседкі ж супакойваюць, зноў і зноў прыгадваюць Сяргея, з якім і пражыла болей,і перажыла страту лягчэй. Марыя Фёдараўна моўчкі слухае іх, хоць іншы раз і хочацца адказаць пытаннем: але як пражыла? Ды хіба яны зразумеюць…
Ірына БУДЗЬКО


